Сустрэча архівістаў з навучэнцамі ДУА «Гімназія № 40 імя Янкі Лучыны г. Мінска»

24 лістапада 2022 г. у межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» адбылася сустрэча архівістаў з навучэнцамі ДУА «Гімназія № 40 імя Янкі Лучыны г. Мінска». У мерапрыемстве прынялі ўдзел загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Таццяна Іванова і ганаровы архівіст Беларусі Ганна Запартыка.

У гімназіі, якая з гэтага года стала насіць імя паэта Янкі Лучыны, арганізавана пастаянная музейная экспазіцыя, на якой прадстаўлены копіі архіўных дакументаў са сховішчаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. З фондаў архіва-музея можна ўбачыць выданне зборніка вершаў “Вязанка” (1903), партрэт бацькі Янкі Лучыны, выкананы роднай пляменніцай паэта Вандай Дзяржынскай, фатаграфіі з сямейнага альбома, копіі біяграфічных дакументаў і інш.

Падчас сустрэчы навучэнцы даведаліся пра некаторыя цікавыя факты з сямейнай біяграфіі Янкі Лучыны, гісторыю яго архіўнай спадчыны і ролю дзяржаўных архіўных устаноў у яе выяўленні, захаванні і папулярызацыі.