Дакументальная выстава «Гісторыя будынка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у архіўных дакументах і матэрыялах»

14 лістапада ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Гісторыя будынка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у архіўных дакументах і матэрыялах».

9 кастрычніка 1939 г. адбылося планавае пасяджэнне ЦК КП(б)б, на якім разглядалася адно пытанне – «Аб Доме ЦК КП(б)б». Такім чынам, быў пакладзены пачатак будаўніцтва Дома Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі БССР, якое завяршылася ў 1947 г. У савецкі час КПБ з’яўлялася стрыжнем сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі. У Доме ЦК КПБ абмяркоўваліся, аналізаваліся, планаваліся і прымаліся найважнейшыя рашэнні, якія вызначаюць развіццё нашай рэспублікі: пытанні аднаўлення Рэспублікі ў пасляваенны перыяд, уступлення БССР у ААН, будаўніцтва МАЗа, трактарнага і веласіпеднага заводаў, Салігорскага калійнага камбіната, Мазырскага і Полацкага нафтаперапрацоўчых заводаў і многае іншае, чым ганарыцца наша краіна ў цяперашні час.

Здабыццё незалежнасці Рэспублікай Беларусь у 1991, сыход з палітычнай арэны Камуністычнай партыі ў краіне, правядзенне выбараў і абранне першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў 1994 годзе карэнным чынам змяніла сітуацыю і статус Дома ЦК КПБ. З гэтага часу ён становіцца рэзідэнцыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і яго Адміністрацыі. Сёння ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта плануюцца і прымаюцца рашэнні па стратэгічных напрамках унутранай і знешняй палітыкі нашай краіны, вызначаюцца прыярытэтныя і перспектыўныя напрамкі развіцця нашай дзяржавы.

На выставе ўпершыню прадстаўлены сапраўдныя дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: праект будынка, створанага вядомым архітэктарам БССР А.П.Воінавым (эскізы ляпніны, усходаў, столевых плафонаў, чарцяжы памяшканняў, узоры каляровых парод дрэва, якімі былі абліцаваныя кабінеты), дакументы якія дэманструюць працэс пачатку і заканчэння будаўніцтва будынка цяперашняй Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1947, а таксама персанальныя справы першых сакратароў ЦК КПБ – Н.Патолічава, К.Мазурава, П.Машэрава.

З выставай азнаёміліся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргеенка Ігар Пятровіч, Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Рыжанкоў Максім Уладзіміравіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Чупрыс Вольга Іванаўна, кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Назараў Юрый Віктаравіч, а таксама супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.