Фотадакументы з калекцыі Мікалая Іванавіча Чаргінца, перададзенай ім у фонд установы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў»

17 кастрычніка вядомаму беларускаму палітычнаму і грамадскаму дзеячу, літаратару, ганароваму старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, народнаму пісьменніку Беларусі Мікалаю Іванавічу Чаргінцу спаўняецца 85 гадоў.

Мікалай Іванавіч перадаў установе «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» калекцыю фотадакументаў з асабістага архіва. Напярэдадні юбілею Мікалая Іванавіча навукова-тэхнічная апрацоўка фотадакументаў яго калекцыі была завершана. На пастаяннае захоўванне прынята 503 адзінкі ўліку, 607 адзінак захоўвання.

Дакументы калекцыі прадстаўлены негатывамі. Яны адлюстроўваюць дзяржаўную і грамадскую дзейнасць М.І.Чаргінца. Частка калекцыі прысвечана станаўленню і развіццю Саюзнай дзяржавы: падпісанне Статута Саюза Беларусі і Расіі ў Маскве, пасяджэнні камісій Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, канферэнцыі Міжпарламенцкага Саюза.

Значная частка дакументаў калекцыі прысвечана першаму касманаўту Ю.А.Гагарыну, сям’і касманаўта. Дакументы расказваюць аб святкаванні 20-годдзя палёту Ю.А.Гагарына ў космас у г. Гагарыне, знаёмяць з абеліскам на месцы гібелі Ю.А.Гагарына ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобласці; музеем Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў ім. Ю.А.Гагарына ў Зорным мястэчку. Вялікую цікавасць уяўляюць дакументы, прысвечаныя Афганістану. У калекцыі прадстаўлены таксама віды больш за дваццаць гарадоў у дваццаці краінах свету.

Ад імя адміністрацыі і калектыву ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» сардэчна віншуем Мікалая Іванавіча з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, творчых поспехаў, дабра і дабрабыту. Выказваем падзяку Мікалаю Іванавічу за ўклад у папаўненне фондаў архіва дакументамі.

 

Мікалай Іванавіч Чаргінец (партрэт)
У час сустрэчы з сям’ёй лётчыка-касманаўта СССР, Героя Савецкага Саюза Юрыя Аляксеевіча Гагарына ў Ленінскім РАУС г. Мінска; сядзяць: 5-я злева – маці Ганна Цімафееўна Гагарына, 4-я злева – сястра Зоя Аляксееўна Бруевіч, 3-й злева – брат Барыс Аляксеевіч Гагарын, 2-я злева – Аза, жонка Б.А. Гагарына, 1-ы злева – начальнік Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, генерал-маёр Віктар Аляксеевіч Піскароў
1975 г. г. Мінск
(Калекцыянер: Чаргінец Н.І.)
Сустрэча прадстаўнікоў дэлегацыі Міжнароднага аддзела ЦК КПСС па сувязях з камуністычнымі партыямі капіталістычных краін, якая прыбыла ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан з дружалюбным візітам
1984-1987г. Дэмакратычная Рэспубліка Афганістан
(Калекцыянер: Чаргінец Н.І.)
Група ўдзельнікаў падпісання Статута Саюза Беларусі і Расіі ва Уладзімірскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца ў г. Маскве; у першым радзе: 3-і злева – дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Мікалай Іванавіч Рыжанкоў, 4-ы злева – міністр Расійскай Федэрацыі па супрацоўніцтву з дзяржавамі-ўдзельніцамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў Аман Гуміравіч Тулееў, 5-ы злева – народны артыст БССР і СССР Мікалай Мікалаевіч Яроменка, 6-ы злева – старшыня Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі Генадзь Андрэевіч Зюганаў, 7-ы злева – Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Васільевіч Русакевіч, 8-ы злева – народны артыст БССР і СССР Ігар Міхайлавіч Лучанок, 9- й злева – старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка; у другім радзе: 4-ы злева – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Уладзіслававіч Казулін, 7-ы злева – прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Паўлавіч Вайтовіч
23.05.1997 г. Масква (РФ)
(Калекцыянер: Чаргінец Н .І.)