Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку працягвае актыўна ўзаемадзейнічаць з установамі адукацыі горада і раёна ў рамках акцыі «Архівы – школе»

Нагодай для чарговай сустрэчы стала дакументальная стэндавая выстава «Захавальнікі гісторыі», якую 13 кастрычніка 2022 г. наведалі навучэнцы 8 класа Спецыяльнай школы-інтэрната г. Навагрудка.

У чытальнай зале архіва з прывітальным словам да хлопчыкаў і дзяўчынак звярнулася дырэктар Ала Сцяпанаўна Забелінская, якая пазнаёміла навучэнцаў з асноўнымі напрамкамі дзейнасці архіўнай установы і складам дакументаў, якія захоўваюцца. Ала Сцяпанаўна акцэнтавала ўвагу на гісторыі стварэння і развіцця Занальнага дзяржархіва ў г. Навагрудку, звяртаючыся ў сваім выступленні да дакументаў і фатаграфій выставы «Захавальнікі гісторыі». Таксама хлопцы даведаліся аб тым, што 2022 год з’яўляецца юбілейным для архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь – у гэтым годзе архіўнай службе Беларусі споўнілася 100 гадоў.

Сустрэча скончылася экскурсіяй у архівасховішчы, дзе школьнікі ўбачылі, як архіў захоўвае дакументы, і пазнаёміліся з асноўнымі патрабаваннямі па забеспячэнні іх захаванасці.