22 верасня 2022 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы ім. М. Горкага адбылася прэзентацыя навуковага выдання «Брэст у 1944–1953 гг.: дакументы і матэрыялы», падрыхтаванага дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці

22 верасня 2022 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы ім. М. Горкага адбылася прэзентацыя навуковага выдання «Брэст у 1944–1953 гг.: дакументы і матэрыялы», падрыхтаванага дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці, якое з’яўляецца працягам серыі зборнікаў «Брэст у 1919-1939 гг.: дакументы і матэрыялы» (Брэст, 2009) , «Брэст у 1939-1941 гг.: дакументы і матэрыялы» (Брэст, 2012), «Брэст у 1941-1944 гг. Акупацыя: дакументы і матэрыялы» (Брэст, 2016).

У зборніку апублікавана 349 дакументаў, выяўленых у дзяржархіве Брэсцкай вобласці, па гісторыі г. Брэста ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе (1944-1953 гг.), якія адлюстроўваюць жыццё горада пасля вайны, ход аднаўлення разбуранай гаспадаркі, дзейнасць органаў кіравання, партыйнага апарата, грамадска-палітычную сітуацыю, сістэму харчовага забеспячэння, развіццё гандлю, прамысловасці, грамадскага харчавання, транспарту, сувязі, гарадской і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стан аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, адукацыі, культуры, спорту і інш.

Усе дакументы публікуюцца ўпершыню. Зборнік праілюстраваны фатаграфіямі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, абласной газеты «Заря» і інш.

Выданне разлічана на гісторыкаў, краязнаўцаў, архівістаў, а таксама будзе цікава шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй горада Брэста.

У прэзентацыі прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Іна Савянок, першы намеснік начальніка – Яна Стэльмашук, начальнік аддзела архіўных устаноў, натарыята і загсаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Наталля Кралько, прадстаўнікі органаў улады вобласці і горада, мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», абласнога краязнаўчага музея, абласной і гарадской бібліятэк, навукі, адукацыі, грамадскасці і інш.

Адкрыла прэзентацыю дырэктар дзяржархіва Брэсцкай вобласці Ганна Карапузава. Яна дала характарыстыку архіўным фондам і дакументам, якія ляглі ў аснову зборніка, расказала, як ішла работа над зборнікам.

Прагучалі выступленні аднаго са складальнікаў зборніка, дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі Брэсцкага дзяржуніверсітэта ім. А.С.Пушкіна, кандыдата гістарычных навук Яўгена Розенблата, рэцэнзента выдання рэктара Інстытута развіцця адукацыі, кандыдата гістарычных навук Анатоля Машчука, а таксама дэкана гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта ім. А.С.Пушкіна, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Савіча і інш.

Выступоўцы высока ацанілі выданне і ў цэлым усю серыю зборнікаў і яе значнасць для вывучэння гісторыі горада.

У рамках прэзентацыі экспанавалася выстава кніг з фондаў абласной бібліятэкі, прысвечаных гісторыі горада Брэста ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.

Мерапрыемства асвятлялася сродкамі масавай інфармацыі.