Удзел работнікаў Нацыянальнага архіва ў экскурсіі «Шляхамі Усходняй Беларусі» (Жылічы-Чырвоны Бераг)

17 верасня 2022 года, у Дзень народнага адзінства, работнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь удзельнічалі ў экскурсіі «Шляхамі Усходняй Беларусі» (Жылічы – Чырвоны Бераг), арганізаванай кіраўніцтвам і прафсаюзным камітэтам першаснай прафсаюзнай арганізацыі архіва.

У аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці работнікі Нацыянальнага архіва наведалі «Палацава-паркавы ансамбль Булгакаў», пабудаваны ў 1830-я гады. Экскурсантаў уразіў ход рэстаўрацыйных работ па ўнутраным аздабленні палаца, насычанай ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай і люстэркамі. Далей у рамках экскурсіі архівісты пабывалі ў адзіным на тэрыторыі СНД мемарыяле «Дзецям – ахвярам вайны», размешчаным на месцы дзіцячага донарскага канцлагера ў населеным пункце Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці, у якім у гады Вялікай Айчыннай вайны загінула больш за 1900 дзяцей.

Работнікі архіва ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых дзяцей і ўсклалі кветкі да бронзавай постаці дзяўчынкі-падлетка. Месца навеянае сумам і трагічнасцю кранула да глыбіні душы…

Трэцім пунктам прызначэння экскурсіі стаў «Сядзібна-паркавы комплекс XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх».

У ходзе мерапрыемства дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А. К. Дземянюк уручыў работнікам філіяла «Чырвоны Бераг» Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея зборнік дакументаў і матэрыялаў «Без тэрміну даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гомельская вобласць» і копіі архіўных дакументаў Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання ў працы ЧГК СССР аб злачынствах гітлераўскіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў у Чырвоным Беразе, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве.

Маёнтак Красны Бераг — унікальная сядзіба Беларусі, пабудаваная ў 1893 годзе. Намаганнямі высокапрафесійных работнікаў філіяла (экскурсаводаў) Марыі Дзмітрыеўны і Кацярыны Уладзіміраўны, архівісты змаглі акунуцца ў атмасферу, якая панавала ў сядзібе стагоддзе таму, дзе праводзіліся пышныя прыёмы і балі.

Дадому ўдзельнікі экскурсіі вярталіся з добрым настроем, адухоўленыя незабыўнымі ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі.