Уз’яднанне нацыі: год 1939

Дзень народнага адзінства адзначаецца 17 верасня – дзяржаўнае свята Рэспублікі Беларусь, заснаванае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. № 206. Увядзенне гэтай даты ў каляндар памятных і знамянальных падзей у гісторыі Рэспублікі Беларусь – гэта даніна памяці сотням і тысячам беларусаў, якія не змірыліся з несправядлівасцю Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, што падзяліў краіну, і змагаліся за яе ўз’яднанне.

13 верасня 2022 года ў Пракуратуры Мінскай вобласці Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь адкрыў дакументальную выставу, прысвечаную Дню народнага адзінства і 83-й гадавіне ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Восень 1939 г. назаўжды ўвайшла ў пантэон беларускай славы XX стагоддзя эпахальнай для беларускага народа і дзяржавы падзеяй – уз’яднаннем беларускай нацыі ў адзінай дзяржаве. На сучасным этапе развіцця незалежнай і суверэннай Беларусі і беларускага народа ўз’яднанне – гэта адна з найважнейшых грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных, этнанацыянальных і культурных падзей XX стагоддзя. У выніку вераснёўскай ваенна-палітычнай кампаніі і наступных падзей верасня–лістапада 1939 г., якія юрыдычна аформілі і замацавалі акт уз’яднання, адбылося нацыянальнае і тэрытарыяльнае аб’яднанне беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве. Этнічнае і тэрытарыяльнае аб’яднанне аб’ектыўна прывяло да нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа, умацавання беларускай дзяржаўнасці і пашырэння тэрытарыяльных межаў Беларусі. На палітычнай карце Еўропы наша краіна займае 13 месца па колькасці насельніцтва і тэрыторыі, што з’яўляецца адным з найважнейшых вынікаў уз’яднання, якое адбылося ў 1939 г.

Дакументы, прадстаўленыя на выставе, адлюстроўваюць важнейшыя падзеі восені 1939 г. 28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны Сход Заходняй Беларусі – гэта фактычна народны рэферэндум аб будучыні заходне-беларускага рэгіёна. Прынятыя на ім дакументы – аб дзяржаўнай уладзе, уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, зямлі, нацыяналізацыі банкаў і буйных прамысловых прадпрыемстваў – адыгралі важную ролю ў далейшым развіцці беларускай дзяржаўнасці, эканомікі, культуры і адукацыі.

У рамках выставы супрацоўнікі Пракуратуры Мінскай вобласці азнаёміліся з сапраўднымі дакументамі з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.