Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ўпершыню прыйшоў у школы г. Мінска

Важнай задачай любога архіва з’яўляецца не толькі захаванне і выкарыстанне сваіх збораў, але і вядзенне папулярызацыйнай работы – азнаямленне як мага больш шырокага кола людзей з тымі скарбамі, якія захоўваюцца ў яго фондах.

1 верасня 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь традыцыйна адзначаецца Дзень ведаў, а школьнікі і студэнты пачынаюць новы навучальны год. Сёлета першы ўрок у школах Беларусі праходзіць на тэму «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню». Гісторыя, пра якую распавядаюць настаўнікі і выкладчыкі ў школах і ўніверсітэтах, зберагаецца, сярод іншага, архівамі. І роля Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў захаванні гістарычнай памяці ў нашай краіне з’яўляецца асабліва важнай.

Менавіта таму ў НГА Беларусі быў праведзены комплекс мерапрыемстваў да Дня ведаў. У гэты дзень супрацоўнікі архіва прыйшлі на першыя ўрокі ў школы г. Мінска. Намеснік дырэктара архіва Ірына Каўганава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай дзейнасці Маргарыта Кароль, вядучы архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Алёна Любая і загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Вольга Чарвінская правялі першыя ўрокі на тэму «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню» ў сярэдніх школах №№ 4 і 27 г. Мінска. Архівісты распавялі вучням пра тое, што такое архівы, для чаго яны існуюць у нашай дзяржаве, як яны фарміраваліся на беларускіх землях у розныя гістарычныя перыяды, а таксама пра тое, якія дакументы захоўваюцца менавіта ў НГА Беларусі. Шэраг рэдкіх і ўнікальных дакументаў быў прадэманстраваны вучням і іх настаўнікам у арыгінальным і электронным выглядзе.

Падобная папулярызацыйная работа ўпершыню была праведзена ў такім фармаце, калі не толькі навучэнцы прыходзяць у архіў, але і супрацоўнікі архіва ідуць у навучальныя ўстановы, паказваюць дакументы і распавядаюць пра гісторыю іх стварэння і каштоўнасць.

Таксама, у сценах НГА Беларусі быў праведзены першы ўрок для вучняў 10«Б» класа сярэдняй школы № 27 г. Мінска. Дырэктар архіва Алег Воінаў у сваім прывітальным слове павіншаваў школьнікаў з пачаткам новага навучальнага года. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў распавёў пра архіў і яго функцыі ў сучасным свеце, пра гісторыю фарміравання збораў НГА Беларусі, пра склад яго фондаў на сённяшні дзень. Затым сумесна з загадчыкам аддзела захаванасці дакументаў і фондаў Галінай Кутуковай была праведзена экскурсія па фондах архіва. Падчас яе вучні змаглі ўбачыць «жыўцом» некаторыя каштоўныя дакументы, напрыклад, самы старажытны дакумент архіва – грамату за 1391 г., – а таксама кнігі старажытных актаў перыяду Рэчы Паспалітай, друкаваны «Альбом Радзівілаў» сярэдзіны XVIII ст., метрычныя кнігі праваслаўнай і каталіцкай канфесій.

Ва ўсіх сваіх выступленнях архівісты асаблівую ўвагу прысвяцілі тэме таго, што гістарычная памяць – гэта таксама памяць кожнага чалавека пра сваіх блізкіх і далёкіх продкаў, і калі чалавечая памяць праз пакаленні можа губляцца, то дакументы здольныя захоўваць звесткі пра людзей доўгія стагоддзі. Супрацоўнікі архіва адказалі на шматлікія пытанні вучняў, у якіх гэтыя ўрокі выклікалі самую жывую зацікаўленасць гісторыяй Беларусі і сваёй дакументальнай спадчыны.

Падобныя мерапрыемствы сёлета з’яўляюцца тым больш актуальнымі, што ў 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Год гістарычнай памяці і адбываецца святкаванне 100-годдзя архіўнай службы Беларусі. Аднак і ў далейшым правядзенне урокаў 1 верасня, у Дзень ведаў, вырашана ўвесці ў сталую практыку архіва.