Да 100-годдзя драматурга, празаіка, публіцыста, заслужанага работніка культуры БССР Алеся Махнача (1922-2001)

Алесь (Аляксандр Іванавіч) Махнач нарадзіўся 27 жніўня 1922 г. у в. Забалацце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Скончыўшы пачатковую школу, два гады працаваў у калгасе. У 1935-1939 гг. вучыўся ў Забалацкай сярэдняй школе.

У 1941 г. скончыў Калінкавіцкае ваеннае пяхотнае вучылішча і быў накіраваны ў Брэсцкую крэпасць камандзірам узвода гарнізона. Удзельнік гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 27 чэрвеня 1941 г. быў цяжка паранены і беспрытомны трапіў у палон. Да 9 красавіка 1945 г. знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных і канцлагерах. Пасля вызвалення доўга лячыўся. Дэмабілізаваны ў 1947 г.

З 1947 г. – загадчык Прысынкаўскай сельскай бібліятэкі Уздзенскага раёна. У 1953-1961 і 1963-1966 гг. – у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” (бібліятэкар, літсупрацоўнік). У 1954 г. завочна скончыў Мінскі бібліятэчны тэхнікум, у 1960 г. – Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, медалямі, ганаровымі граматамі. Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Памёр 8 жніўня 2001 г.

Першы верш А. Махнача “Калгасная восень” быў надрукаваны ў 1949 г. у раённай газеце “За Савецкую Радзіму”. Першы зборнік “Драматычныя мініяцюры” выйшаў у 1956 г. Пісаў аднаактовыя п’есы, сцэнкі, скетчы, камедыі, аповесці, вершы, казкі, нарысы, артыкулы, рэцэнзіі. Аўтар зборнікаў і кніг: “Перад бурай” (1958), “Аднаактовыя п’есы” (1961), “Да пары збан ваду носіць…” (1963), “Шпачок: п’есы і сцэнкі для школьнай мастацкай самадзейнасці” (1963), “Мы будзем жыць” (1967), “Маленькія салдаты” (1971), “Дзеці крэпасці” (1973), “Няхай красуе жыццё” (1982), “Камандзір Усходняга фронта” (1991) і інш. Адзін са складальнікаў і членаў рэдкалегіі зборніка ўспамінаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Алеся Махнача (№ 158), які прадстаўлены рукапісамі (п’есы, зборнікі сатырычных сцэнак, апавяданні, нарысы, вершы, артыкулы і інш.), запіснымі кніжкамі і блакнотамі, перапіскай, дакументамі да біяграфіі, выяўленчымі матэрыяламі.

Дакументы:

 

1. А. Махнач. 1960-я гг.
БДАМЛМ. Ф. 246. Воп. 1. Адз. зах. 43. Л. 3.
2. А. Махнач. “Ідзі, мой сын, ідзі!”. Драма. Першы варыянт. 12-15 жніўня 1958 г. Аўтограф.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 21. Л. 2.
3. А. Махнач. “Цяжкае становішча”. Сцэнка. Варыянт. 19-21 студзеня 1962 г. Аўтограф.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 58. Лл. 27-28.
4. А. Махнач. “Маленькія зайчаняты”. П’еса-казка. Варыянт. Верасень 1959 г. Машынапіс з праўкамі.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 64. Лл. 31-32.
5. А. Махнач, А. Асіпенка, Б. Спрынчан і іншыя дзеячы літаратуры ў Брэсцкай крэпасці. 1980 г.
БДАМЛМ. Ф. 417. Воп. 1. Адз. зах. 187. Л. 11.
6. А. Махнач. “Брэсцкая крэпасць”. Артыкул. 12 чэрвеня 1966 г. Аўтограф з праўкамі.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 82. Лл. 10-11.
7. А. Махнач і Герой Савецкага Саюза П. Гаўрылаў на сустрэчы абаронцаў Брэсцкай крэпасці. 3 ліпеня 1966 г.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 258. Л. 3.
8. А. Махнач. “Юныя абаронцы”. Нарыс. 4 чэрвеня 1964 г. Машынапіс.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 74. Лл. 1-2.
9. Сшытак А. Махнача з накідамі вершаў. 1947 г. Аўтограф.
БДАМЛМ. Ф. 158. Воп. 1. Адз. зах. 159. Л. 10.