Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці ў рамках праекта “Памяць і боль беларускай зямлі” прэзентаваў банэрную выставу «Генацыд мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945»

У рамках Года гістарычнай памяці і абласнога праекта “Памяць і боль беларускай зямлі” Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага аблвыканкама прэзентаваў банэрную выставу “Генацыд мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945”.

Мерапрыемства адбылося 25 ліпеня 2022 года ў ДУ “Маладзечанскі дзіцячы аздараўленчы лагер “Івалга” і ў аздараўленчым лагеры “Лясная казка” аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама.

Вядучы архівіст аддзела публікацый і выкарыстання дакументаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці Таццяна Анпілогава расказала дзецям пра дакументы, прадстаўленыя на выставе, пра зверствы фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пра тое, як важна захоўваць памяць аб генацыдзе.

Вялікую цікавасць у маладога пакалення выклікалі архіўныя дакументы: сведчанні відавочцаў, акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў, заключэнні следчых і судова-медыцынскіх экспертаў.

Таксама ў рамках рэалізацыі праекта выхаванцы лагера прынялі актыўны ўдзел у адкрытым дыялогу з прадстаўнікамі пракуратуры Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў і супрацоўнікамі дзяржархіва. У гэты дзень дзеці яшчэ раз узгадалі трагічныя старонкі гісторыі беларускага народа і ўсвядомілі, як важна захоўваць гістарычную праўду і трапятліва ставіцца да мінулага.