Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці пачаў рэалізацыю праекта «Памяць і боль беларускай зямлі»

У рамках Года гістарычнай памяці Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага аблвыканкама пачаў рэалізацыю абласнога праекта «Памяць і боль беларускай зямлі».

Мерапрыемства адбылося 8 ліпеня 2022 года ў аздараўленчым лагеры «Чайка» ГУДА «Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму» ўпраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама і 18 ліпеня 2022 года ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Белыя Росы» Мінскага раёна.

Мэтай праекта з’яўляецца захаванне гістарычнай праўды аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых у стаўленні мірных савецкіх грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай тэрыторыі, выхаванне пачуцця патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў.

У рамках праекта прайшла прэзентацыя банэрнай выставы “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Мінскай вобласці 1941-1945”. Выстаўка падрыхтавана Дзяржаўным архівам Мінскай вобласці.

Актыўны ўдзел у праекце прынялі ўпраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама і ўпраўленне па адукацыі Мінскага райвыканкама.

Інфарматыўным і цікавым быў адкрыты дыялог дзяцей з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму. Таксама ў рамках рэалізацыі праекта маладому пакаленню прадставілі кнігу пад рэдакцыяй генеральнага пракурора Андрэя Шведа “Генацыд беларускага народа”. Вялікую цікавасць у выхаванцаў лагера выклікалі выставачныя экспазіцыі школьных музеяў з акцэнтам на дзеянні акупацыйных улад у адносінах да мірнага насельніцтва, макеты спаленых вёсак.

У гэты дзень дзеці яшчэ раз узгадалі трагічныя старонкі гісторыі беларускага народа і ўсвядомілі, што кожны з нас павінен захаваць памяць аб загінуўшых і трапяткое стаўленне да гістарычнага мінулага, каб зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай Радзімы і мір на Зямлі.