Архівісты Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні круглага стала «Гэты горад прыняў мяне аднойчы…», прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння паэта, празаіка Давіда Сімановіча

Круглы стол праходзіў у Віцебскай абласной бібліятэцы ім. В.І. Леніна ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных памяці Давіда Рыгоравіча Сімановіча (1932 – 2014 гг.) – паэта, празаіка, перакладчыка, арганізатара і нязменнага кіраўніка Шагалаўскага камітэта, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча.

Увазе прысутных была прадстаўлена выстаўка, падрыхтаваная на аснове дакументаў з асабістага фонду паэта (фонд № 2260 «Сімановіч Давід Рыгоравіч – паэт, празаік, член Саюза беларускіх пісьменнікаў»).

У складзе асабістага фонду Давіда Сімановіча налічваецца 1400 спраў (11701 дакумент, 2344 асобных фатаграфій і 14 альбомаў, якія змяшчаюць у сабе 1447 фатаграфій, 14 музейных прадметаў, 266 кніг і друкаваных выданняў) за 1917-2019 гг. Фонд з’яўляецца самым аб’ёмным сярод асабістых фондаў, якія захоўваюцца ў абласным архіве і ўваходзяць у лік самых буйных асабістых фондаў, якія захоўваюцца ў рэспубліканскіх архівах.

Аб дакументах асабістага фонду Д.Г. Сімановіча ў суправаджэнні прэзентацыі расказала загадчыца аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Алена Бондарава. Яна адзначыла, што сярод дакументаў фонду ёсць пісьмы, паштоўкі, тэлеграмы Д.Г. Сімановічу ад вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва – Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ігара Лучанка, Марка Фрадкіна, Еўдакіі Лось, Міхаіла Лынькова і інш. Вялікую цікавасць уяўляюць сцэнарыі і тэксты да тэлевізійных перадач. Як вядома, Давід Рыгоравіч больш за 30 гадоў працоўнай біяграфіі прысвяціў Віцебскаму тэлебачанню, дзе працаваў практычна з першых дзён яго стварэння. Захаваўся сцэнарый першай тэлевізійнай перадачы Віцебскай студыі тэлебачання “Вершы паэтаў Вiцебшчыны, прысвечаныя Ул. I. Леніну», паказанай у эфіры 20 красавіка 1960 г. Аўтарамі сцэнара былі Давід Рыгоравіч Сімановіч і Леў Абрамовіч Шульман. Асаблівую цікавасць уяўляюць выяўленчыя дакументы. Гэта фотаздымкі супрацоўнікаў Віцебскай студыі тэлебачання, семінараў пісьменнікаў, творчых сустрэч, вечароў, святаў паэзіі, Шагалаўскіх чытанняў і інш.

Дакументы асабістага фонду Д.Г. Сімановіча даступныя для даследчыкаў у чытальнай зале архіва. Яны актыўна выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі архіва для падрыхтоўкі публікацый інтэрнэт-артыкул і артыкулаў у сродках масавай інфармацыі.

 

1. Супрацоўнікі Дзяржархіва Віцебскай вобласці на фоне выставы аб Д.Р. Сімановіч
2. Удзельнікі круглага стала
3. Выступае Алена Бондарава