22 чэрвеня 2022 г. супрацоўнікі ўстановы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22 чэрвеня 2022 г. супрацоўнікі ўстановы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Самай трагічнай падзеяй мінулага стагоддзя была Вялікая Айчынная вайна (1941 – 1945 гг.). Горад Віцебск у поўнай меры адчуў на сабе цяжар ваеннага ліхалецця. З амаль 180 тыс. мірнага насельніцтва, якое пажывала ў горадзе напярэдадні вайны, сваіх вызваліцеляў сустрэлі толькі 118 чалавек.

Мерапрыемствы ў памяць загінулых вызваліцеляў і ахвяр генацыду праходзілі ў месцах, знакавых для ўсіх віцяблян: на Мемарыяльных могілках «5-ы полк» і Воінскім мемарыяле па вул. Савецкая (на Успенскай Горцы).

Мемарыяльныя могілкі «5-ы полк» размешчаны на тэрыторыі былога лагера для савецкіх ваеннапалонных (значыўся пад шыфрам KL-313-SD). У 1942 годзе ў лагер стала трапляць і мірнае насельніцтва з г. Віцебска і наваколля. Па афіцыйных дадзеных, усяго за 1941-1944 гады праз лагер прайшлі звыш 150 тысяч чалавек. Каля 80 000 чалавек тут загінулі.

На Воінскім мемарыяле на Успенскай горцы ў 11 індывідуальных магілах і ў адной брацкай спяць вечным сном 16 афіцэраў, у тым ліку два генерал-маёры, тры Героі Савецкага Саюза і самы знакаміты партызанскі камандзір і ганаровы грамадзянін г.Віцебска Мінай Піліпавіч Шмыроў.

Вечная памяць вызваліцелям і ўсім, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне (1941 – 1945 гг.).