Установай «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» ва ўстанове адукацыі «Сярэдняя школа № 6 г. Віцебска» праведзена класная гадзіна на тэму «Нам гэтую памяць завешчана берагчы»

У межах акцыі «Архівы – школе» ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 6 г. Віцебска» 21 красавіка 2022 г. праведзены класная гадзіна па тэме «Нам гэтую памяць завешчана берагчы».

Загадчыца аддзела ІПС і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій А. М. Бондарава распавяла навучэнцам 9-х класаў аб тым, што архівісты Віцебскай вобласці правялі велізарную працу з мэтай ушанавання памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

У пачатку 1970-х гадоў супрацоўнікі нашага архіва праз абласную газету «Віцебскі рабочы» звярнуліся да жыхароў вобласці – непасрэдных відавочцаў і ўдзельнікаў ваенных падзей з просьбай даслаць у архіў успаміны, фотаздымкі, дакументы ваенных гадоў. На гэты заклік адгукнуліся сотні людзей, на чыю долю выпалі страшныя гады вайны.

Сярод іх жыхарка Полацка, Герой Савецкага Саюза Тусналобава-Марчанка Зінаіда Міхайлаўна (23.11.1920 – 20.05.1980). За восем месяцаў знаходжання на фронце яна вынесла з поля бою 123 параненых. Успаміны і асабістыя дакументы даслала ў архіў Зянькова Ефрасіння Савельеўна (22.12.1923 – 19.04.1984) – Герой Савецкага Саюза, сакратар Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы». Сваімі ўспамінамі аб удзеле ў вызваленні краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падзяліўся Ялтыхаў Пётр Ігнатавіч, ураджэнец Гарадоцкага раёна. У гады вайны – юны партызан, а затым разведчак 136-й асобнай разведвальнай роты 47-й стралковай дывізіі. У лютым 1943 года, ва ўзросце 14 гадоў, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Усе гэтыя і іншыя ўспаміны – бясцэнны матэрыял пра гераічны подзвіг беларускага народа, які цаной неймаверных намаганняў здабыў Вялікую Перамогу ў адной з самых страшных і кровапралітных войнаў 20 стагоддзя.