Рабочая сустрэча намесніка дырэктара Дэпартамента А.Я.Цвяткова з начальнікам упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Н.К.Катовіч па пытаннях актывізацыі супрацоўніцтва ў рамках рэалізацыі акцыі «Архівы – школе»

12 красавіка 2022 г. на базе Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент) адбылася рабочая сустрэча намесніка дырэктара Дэпартамента А.Я.Цвяткова з начальнікам упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Н.К.Катовіч.

А.Я.Цвяткоў зазначыў, што дзяржаўнымі архівамі Беларусі назапашаны багаты практычны вопыт супрацоўніцтва з установамі адукацыі ў розных формах работы з моладдзю. Гэтыя прадуктыўныя напрацоўкі былі ўлічаны пры аб’яўленні рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», рэалізацыя якой пачата ў 2022 годзе.
У рамках акцыі дзяржаўныя архіўныя ўстановы ва ўзаемадзеянні з установамі адукацыі (агульнага сярэдняй, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай) арганізуюць правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на інфармацыйную асвету і патрыятычнае выхаванне вучняў на аснове матэрыялаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь.

Работнікі дзяржаўных архіўных устаноў у рамках акцыі на бязвыплатнай аснове праводзяць аглядныя экскурсіі, тэматычныя лекцыі, кіналекторыі, азнаямленчыя заняткі. Усе мерапрыемствы накіраваны на інфармаванне навучэнцаў аб ключавых падзеях і працэсах у гісторыі Беларусі і рэгіёну, асноўных этапах станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, афіцыйных геральдычных сімвалах Рэспублікі Беларусь, складзе Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, аб’ёмах і відах дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў канкрэтных архіўных установах, а таксама спецыфіцы архіўнай працы.
Н.К.Катовіч падкрэсліла выключную каштоўнасць матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах дзяржаўных архіваў, як аб’ектыўных сведчанняў мінулага беларускага народа і дзяржавы, а таксама ўказала на важнасць і актуальнасць актыўнага прыцягнення гэтых дакументальных сведчанняў у адукацыйныя працэсы для асветы і патрыятычнага выхавання маладога пакалення.

У ходзе абмеркавання было прынята рашэнне аб аказанні Нацыянальным інстытутам адукацыі арганізацыйна-метадычнага садзейнічання Дэпартаменту ў рэалізацыі акцыі «Архівы – школе» і намечаны ключавыя напрамкі для далейшага ўзаемадзеяння.