«Салдаты Перамогі»: ІЛЬЮКОЎ Васіль Цітовіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.), начальнік Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці

Чым далей у мінулае адыходзяць ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.), тым больш відавочнай становіцца веліч подзвігу беларускага народа, яго мужнасць, гераізм і самаахвяраванне ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Імёны тых, хто са зброяй у руках, не шкадуючы свайго жыцця, ваяваў супраць «карычневай чумы», залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс мінулай вайны.

Прыкметную старонку ў яе ўпісалі і архівісты Гомельшчыны. Сярод іх Ільюкоў Васіль Цітовіч (10.04.1910 – 30.05.1974), які 16 ліпеня 1944 г. быў назначаны начальнікам Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці1.

Нарадзіўся Васіль Цітовіч у 1910 годзе ў в. Вялікія Стрэлкі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў 6 класаў Гарадзецкай сярэдняй школы і аднагадовы тэхнікум аховы раслін. Перад вайной працаваў памочнікам загадчыка склада Гомельскага ўпраўлення сувязі.

22 чэрвеня 1941 г. Ільюкоў В.Ц. быў мабілізаваны ў дзейную Чырвоную Армію на пасадзе начальніка АХО 317 ГВЛ на Бранскі фронт. Затым быў прызначаны камандзірам узвода, намеснікам камандзіра роты, апошняя пасада ў Чырвонай Арміі – камандзір роты. На акупаванай тэрыторыі Гомельскай вобласці засталіся бацькі, і пяць сясцёр…

1942 г… намеснік камандзіра роты 1 батальёна 169 Стралковага палка ўнутраных войскаў НКУС лейтэнант Ільюкоў В.Ц. абараняе Радзіму ў складзе Паўночнай групы войскаў Закаўказскага фронту. З 25 студзеня па 18 сакавіка 1943 г. удзельнічае ў аперацыі па ліквідацыі бандытаў у гарах Кабардзіна-Балкарскай АССР.

З 25 сакавіка 1943 г. лейтэнант Ільюкоў В.Ц. на Паўночна-Каўказскім фронце. У студзені – лютым 1943 года войскі фронту наступалі на нальчыцка-стаўрапольскім напрамку. У ходзе Краснадарскай аперацыі 1943 г. нанеслі паражэнне 17-й нямецка-фашысцкай арміі і да пачатку мая адкінулі праціўніка на Таманскі паўвостраў. На таманскім кірунку разгарнуліся разлютаваныя бітвы. 18-я армія ва ўзаемадзеянні з сіламі флоту з 2-й паловы лютага вяла баі па ўтрыманні і пашырэнні плацдарма ў раёне Мысхака. У верасні – кастрычніку Паўночна-Каўказскі фронт падчас Наварасійска-Таманскай аперацыі 1943 г. завяршыў вызваленне Паўночнага Каўказа, а ў лістападзе – снежні яго войска правялі Керчанска-Эльтыгенскую дэсантную аперацыю 1943 г. і, захапіўшы плацдарм на ўмовы наступнага вызвалення Крыма.

3 траўня 1943 г. у адным з баёў атрымаў раненне Васіль Цітовіч. За праяўлены гераізм у гэтым баі ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ва ўзнагародным лісце коратка выкладзены асабісты баявы подзвіг лейтэнанта Ільюкова В.Т.: «Таў. Ільюкоў у баях з нямецкім фашызмам дзейнічаў устойліва. Пры прарыве пярэдняга краю абароны ён першым уварваўся ў варожую траншэю і ва ўпор расстраляў афіцэра, які знаходзіўся ў ім. Развіваючы поспех далей і захапляючы сваіх байцоў наперад. Пры подступах да вышыні 95.5 тав. Ільюкоў з нагана забіў варожага кулямётчыка, які ўвесь час вёў агонь па 2-й роце. На гэтай вышыні ён забіў яшчэ 2-х афіцэраў. Будучы параненым тав. Ільюкоў пакінуў поле бою толькі па загадзе камандзіра роты … » 2.

Пасля лячэння Ільюкова В.Ц. накіроўваюць на працу ў г. Дзауджыкаў Паўночна-Асецінскай АССР на пасадзе намесніка начальніка па палітычнай частцы 4 гарадскога аддзела НКУС.

За гады вайны Ільюкоў Іван Цітовіч быў двойчы паранены і кантужаны. Быў узнагароджаны медалём «За абарону Каўказа», медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.».

У 1944 г. Ільюкоў Васіль Цітовіч вярнуўся ў родны, вызвалены ад акупантаў, Гомель і прыняў актыўны ўдзел па аднаўленні разбуранай у гады вайны, народнай гаспадаркі горада.

За 5 гадоў працы з чэрвеня 1944 г. па верасень 1948 г. на пасадзе начальніка Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Ільюкоў Васіль Цітовіч прарабіў вялікую працу па пераадоленні наступстваў вайны архіўнымі ўстановамі Гомельскай вобласці. Сярод асноўных напрамкаў работы, якім надавалася самая пільная ўвага Васіля Цітовіча – рамонт будынка архіва, прывядзенне ў парадак уцалелых у перыяд гаспадарання ў будынку архіва нямецка-фашысцкіх акупантаў дакументаў, якія ўяўлялі сабой у асноўным ліставы россып, рээвакуацыі архіўных дакументаў, збор дакументаў іншае.

Даўно сталі гісторыяй гады ваеннага ліхалецця, але яны ніколі не згладзяцца ў памяці народнай.

Гістарычная памяць аб велічы подзвігу беларускага народа ў час цяжкіх выпрабаванняў павінна служыць для нашай моладзі крыніцай сілы і гонару.

1 Асабістая справа Ільюкова Васіля Цітовіча. 11.01.1949 – 31.10.1951 // Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. – Ф. 1855. Оп. 1. Д. 82.

2 Узнагародны ліст на лейтэнанта Ільюкова В.Ц. 22 мая 1943 г. // Цэнтральны Архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. – Ф. 33. Оп. 686044. Д. 1480. Л. 334. [Электронны рэсурс]: Рэжым доступу: https://pamyat-naroda.ru. Дата доступу: 06.04.2022.