Да 110-годдзя мастацтвазнаўца, графіка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Пятра Мікалаевіча Герасімовіча (1912-1990)

Пётр Герасімовіч нарадзіўся 13 сакавіка 1912 г. у в. Танежыцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У 1930 г. скончыў сямігадовую Краснаслабадскую школу. З 1930 г. па 1933 г. вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (у І.Ахрэмчыка, М.Керзіна, Я.Мініна, Ф.Фогта, М. Эндэ). У 1933-1934 гг. працаваў выкладчыкам малявання Мозырскага педагагічнага тэхнікума і штатным мастаком у абласной газеце “Бальшавік Палесся”. У 1937 г. пры ТАСС (Масква) скончыў двухгадзічныя курсы мастакоў-графікаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам падполля, разведчыкам 12-й кавалерыйскай партызанскай брыгады імя Сталіна. У выніку ранення яму была ампутавана кісць правай рукі. Пасля гэтага мастацкія працы выконваў левай рукой, што моцна абмяжоўвала яго творчыя магчымасці. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.

З лютага 1945 г. працаваў галоўным захавальнікам у Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1959-1964 гг. – загадчык аддзела дарэвалюцыйнага рускага і савецкага мастацтва, у 1964-1981 гг. – загадчык аддзела беларускага савецкага мастацтва. Быў членам экспертна-метадычнай камісіі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва БССР. Член Саюза мастакоў БССР з 1956 г.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1955), Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта работнікаў культуры (1972), знакам “Отличник Министерства культуры СССР”.

Памёр 20 красавіка 1990 г.

Пётр Герасімовіч працаваў у галіне тэорыі і гісторыі мастацтва, а таксама ў станковай графіцы. Асноўныя навуковыя працы: манаграфіі “Евгений Алексеевич Зайцев”, “Анатоль Мікалаевіч Тычына”, шэраг артыкулаў да альбомаў “Беларускае выяўленчае мастацтва”, “Мастацтва, народжанае Кастрычнікам”, “Дзяржаўны мастацкі музей БССР” і інш. Асноўныя мастацкія творы: “Жураўлі”, “Год 1930”, “Нашы прыйшлі”, “Пасля навальніцы”, партрэты беларускіх мастакоў і інш.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Пятра Мікалаевіча Герасімовіча (№ 301), які прадстаўлены рукапісамі (манаграфіі, нарысы, артыкулы, сцэнарыі, нататкі, рэцэнзіі, выступленні, успаміны), графічнымі творамі (сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, пейзажы, карыкатуры), перапіскай, выяўленчымі дакументамі (у тым ліку калекцыяй фатаграфій мастакоў, скульптараў і іх работ, фатаграфій архітэктурных помнікаў Мінска, Магілёва і Гомеля, пабудаванных у 1930-я – 1940-я гг.).

 

П.Герасімовіч. 1960-я гг. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 146. Л. 4.
П.Герасімовіч, П.Нікіфараў. “Изобразительное искусство Белорусской ССР”. Манаграфія. Варыянт. Машынапіс. 1957 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 78-79.

П.Герасімовіч. “Шаги становления”. Артыкул пра мастацтва Беларусі даваеннага перыяда. Варыянт. Аўтограф. 1979-1980 гг. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 21. Лл. 1а-2.
П.Герасімовіч. “Жураўлі”. Кампазіцыя. Эскіз. Папера, туш, аловак. 1974 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 66. Л. 1.

П.Герасімовіч. “Зіма партызанская”. Кампазіцыя. Папера, лінагравюра. 1970 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 63. Л. 1.

П.Герасімовіч. “У саўгасе Танежыцы”. Кампазіцыя. Эскіз. Папера, туш, пяро. 1952 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 58. Л. 2.

П.Герасімовіч. “Салігорцы”. Партрэты шахцёраў. Папера, туш, шарыкавая ручка. 1968-1981 гг. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 73. Л. 2.

П.Герасімовіч. “Народны мастак БССР І.Ахрэмчык”. Партрэт. Папера, лінагравюра. 1970 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 75. Л. 1.

П.Герасімовіч. “На Палессі. Міхнавічы”. Пейзаж. Папера, чорная акварэль. 1937 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 84. Л. 1.

П.Герасімовіч. “Архітэктурны матыў”. Гарадскі пейзаж. Папера, выгальны аловак. 1935 г. БДАМЛМ. Ф. 301. Воп. 1. Адз. зах. 83. Л. 1.