У рамках акцыі «Архівы- школе» адбылася сустрэча супрацоўнікаў установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» з навучэнцамі ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Рэчыцы»

4 сакавіка 2022 года ў рамках акцыі «Архівы-школе» і напярэдадні Міжнароднага жаночага дня супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Рэчыцы правялі лекцыю «Сапраўдная жанчына» для навучэнцаў 6 класа ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Рэчыцы».

Вядучы археограф аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Сяргей Жарносенка і вядучы архівіст аддзела работы з архівамі арганізацый, камплектавання і справаводства Галіна Жандарава распавялі дзецям аб фондаўтваральніку архіва — ветэране Вялікай Айчыннай вайны Валянціне Міхайлаўне Луцэнка (1923 – 2016). Вайну яна прайшла з першых і да апошніх дзён сястрой міласэрнасці ў войску і партызанскім руху, вынесла з поля бою і выратавала ад смерці мноства салдат і афіцэраў. Пасля вайны жыла ў Рэчыцы і працавала ў медыцыне.

Увазе навучэнцаў былі прадстаўлены арыгіналы дакументаў Валянціны Луцэнка, якія знаходзяцца на пастаянным захоўванні ў архіве: рукапісныя ўспаміны ветэрана пра вайну (цытаты з іх прыводзіліся на лекцыі), фатаграфіі, узнагародныя дакументы, віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Завяршаючы сустрэчу, архівісты павіншавалі шасцікласніц з надыходзячым 8 Сакавіка, пажадаўшы ім усяго самага добрага і выказаўшы надзею, што яны вырастуць такімі ж сапраўднымі жанчынамі, як Валянціна Луцэнка.