Аб перадачы Рэчыцкай грамадскасці архіўных дакументаў, якія сведчаць аб знішчэнні мірнага насельніцтва на тэрыторыі Рэчыцкага раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь расследуе крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

Супрацоўнікі дзяржаўнага архіва з 2021 года цесна працуюць з Пракуратурай Гомельскай вобласці. Цяпер пракуратура і дзяржаўны архіў дзеляцца архіўнымі дакументамі, якія сведчаць аб знішчэнні мірнага насельніцтва на тэрыторыі горада Рэчыцы і Рэчыцкага раёна.

За гады акупацыі нацыстамі і іх памагатымі на тэрыторыі Рэчыцкага раёна было спалена 68 вёсак.

У выніку сумесна праведзенай работы ў даваенных фондах знойдзены чатыры буйнамаштабныя карты 1938 года горада Рэчыцы і Рэчыцкага раёна, якія ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны былі эвакуіраваны ўглыб краіны і захаваліся да нашых дзён.

Гэтыя знаходкі былі аблічбаваны Рэспубліканскай тэхнічнай лабараторыі мікрафільміравання страхавога фонду дакументацыі ў г. Гомелі і перададзены ў экспазіцыю Рэчыцкага краязнаўчага музея.

У прыватнасці, супрацоўнікі дзяржаўнага архіва на адну з карт Рэчыцкага раёна сімвалічна нанеслі і адзначылі ўсе 68 вёсак, якія былі спалены падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта дапаможа ўвекавечыць памяць аб іх, бо аднавіліся не ўсе.

Пасля наведвання Рэчыцкага краязнаўчага музея прадстаўнікі Рэчыцкага райвыканкама, пракуратуры і дзяржаўнага архіва ўсклалі кветкі да месцаў пахавання ахвяр вайны на тэрыторыі Азяршчынскага сельвыканкама.