Урок гісторыі для навучэнцаў сярэдняй школы №4 г. Гомеля імя В.А.Маркелава ў Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці

23 лютага 2022 года ва ўстанове “Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці” ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” па вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, старшы навуковы супрацоўнік архіва Драздова Аліна правяла ўрок гісторыі для навучэнцаў 8 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа” №4 г. Гомеля імя В.А. Маркелава” на тэму: “1941-1945… праз гады, праз стагоддзі – памятайце”.

Школьнікаў сустракаў дырэктар архіва Сушчэвіч А.М., які распавёў пра важную ролю дзяржаўнай сімволікі, а таксама пра паважлівыя адносіны да сімвалаў дзяржаўнай улады – сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь. Толькі чалавек, які ведае і паважае дзяржаўныя сімвалы сваёй краіны, можа быць сапраўдным патрыётам.

Таксама Сушчэвіч А.М. уручыў школьнікам паштоўкі, выдадзеныя Дзяржаўным архівам Гомельскай вобласці, да Года гістарычнай памяці, з дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі.

Навучэнцы былі азнаёмлены з выставай па вышэйзгаданай тэме, падрыхтаванай супрацоўнікамі архіва, на падставе архіўных дакументаў і фатаграфій, якія адлюстроўваюць палітыку нацыстаў у гады нямецкай акупацыі Гомельшчыны.

Акрамя таго, у рамках дадзенага мерапрыемства школьнікам была праведзена экскурсія па архіве, падчас якой яны пазнаёміліся з асноўнымі этапамі працы архіва, даведаліся пра склад дакументаў, якія захоўваюцца, азнаёміліся з рэжымамі іх захоўвання, а таксама пра метады пераводу дакументаў у электронны фармат.