Інтэрв’ю журналіста канала «Культура» Беларускага радыё Галіны Шаблінскай з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыка

23 лютага 2022 г. адбылося інтэрв’ю журналіста канала «Культура» Беларускага радыё Галіны Шаблінскай з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыка.

Размова праходзіла ў межах праграмы “Дыялогі пра культуру” – віртуальнай пляцоўкі для абмеркавання самых значных падзей у сферы культуры і мастацтва. Галоўную тэму размовы вызначаў аб’яўлены ў Беларусі Год гістарычнай памяці і 100-гадовы юбілей архіўнай службы Беларусі. Г.В.Запартыка распавяла пра гісторыю стварэння і развіцця архіва-музея як найкаштоўнейшай скарбніцы рукапісных помнікаў і дакументальных крыніц па гісторыі нацыянальнай літаратуры і мастацтва. Былі адзначаны асаблівасці камплектавання і выкарыстання архіваў асабістага паходжання, роля архівістаў у фарміраванні агульнанацыянальнай гістарычнай памяці. Былі ўзгаданы архівісты, якія стаялі ля вытокаў стварэння Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, названы імёны пісьменнікаў і многіх дзеячаў культуры, архіўныя фонды якіх з’яўляюцца унікальнай часткай Нацыянальнага архіўнага фонду. Прагучала інфармацыя пра сумесныя праекты архіва-музея з рознымі ўстановамі і арганізацыямі.

Напрыканцы размовы Г.В. Запартыка запрасіла ўсіх зацікаўленвых да ўдзелу ў архіўных мерапрыемствах, у тым ліку ў канферэнцыях «ХХІІ Узвышаўскія чытанні» з тэмай «Беларускія пісьменнікі ваеннага пакалення: лёсы і творы» і «ХХ Архіўныя чытанні» з тэмай «Фонды асабістага паходжання – крыніцы гістарычнай памяці народа».

Слухайце праграму “Дыялогі пра культуру” ў эфіры канала «Культура» Беларускага радыё ў чацвер 24 лютага 2022 г. Пачатак а 12.30 (паўтор 18.30).