Адкрыццё фотадакументальнай выставы «Рэха Афганскай вайны» ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

21 лютага 2022 года ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя фотадакументальнай выставы «Рэха Афганскай вайны», прымеркаванай да Года гістарычнай памяці, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Гэта выстава падрыхтавана сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць».

На выставе прадстаўлены дакументы, якія адлюстроўваюць дзейнасць дзяржаўных і партыйных органаў БССР і Рэспублікі Беларусь, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў краіны па рэалізацыі праграм у галіне сацыяльна-працоўнай і медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, забеспячэнні іх таварамі культурна-бытавога прызначэння, устанаўленні персанальных пенсій і льгот, стварэнні мемарыяльных комплексаў і помнікаў.

На выставе таксама размешчаны фатаграфіі прадстаўнікоў савецкіх і афганскіх узброеных сіл, мірнага насельніцтва краіны, карты Афганістана. Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць” Шокаў Уладзімір Ільіч для выставы прадаставіў асабістую калекцыю ордэнаў, медалёў і іншых узнагарод, якія адлюстроўваюць мужнасць і гераізм савецкіх вайскоўцаў.

У прывітальным слове дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Дземянюк Андрэй Канстанцінавіч адзначыў важнасць захоўвання памяці аб беларусах, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан у 1979-1989 гадах.

Сваімі ўспамінамі аб праходжанні вайсковай службы падзяліліся ветэраны вайны ў Афганістане: старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Гардзейчык Іван Аркадзьевіч, старшыня савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Гайдукевіч Валерый Уладзіміравіч, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Шокаў Уладзімір Ільіч.

У сваіх выступленнях дырэктар Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Гаркавы Барыс Мікалаевіч і дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Азаронак Сяргей Іванавіч падкрэслілі значнасць архіўных і музейных устаноў у захаванні гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

Выстава прызначана для гісторыкаў, навуковых і музейных работнікаў, даследчыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, краязнаўцаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца нацыянальнай гістарычнай спадчынай Беларусі.