10 лістапада 2017 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Пясняр працы і змагання” ды 130-годдзя Цішкі Гартнага
10 лістапада 2017 года ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Пясняр працы і змагання”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага (Змітра Хведаравіча Жылуновіча; 1887 – 1937).
Падчас адкрыцця дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка распавяла пра Збор дакументаў Цішкі Гартнага (фонд № 15). Творчыя і біяграфічныя матэрыялы пісьменніка паступілі ў архіў-музей 28 ліпеня 1962 г. з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР і 29 кастрычніка 1987 г. ад пляменніка Ц. Гартнага Дзмітрыя Андрусевіча. Гэтыя дакументы сабрала дачка пісьменніка Галіна Жылуновіч для выдання збору твораў свайго бацькі. У свой час яна была частай госцяй архіва-музея.
Вядучы навуковы супрацоўнік Віктар Жыбуль пазнаёміў прысутных з экспанатамі выставы. Сярод іх – лісты і карэспандэнцыя Цішкі Гартнага, дасланыя ў рэдакцыю газеты “Наша Ніва”, рукапісы рамана “Сокі цаліны” і драмы “Сацыялістка”, праект праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады з папраўкамі Ц. Гартнага, большасць прыжыццёвых кніжных выданняў пісьменніка, а таксама яго біяграфічныя дакументы, успаміны сучаснікаў і шматлікія фотаздымкі.
На адкрыццё выставы былі запрошаны навукоўцы, даследчыкі жыцця і творчасці Ц. Гартнага. Доктар гістарычных навук Эмануіл Іофе распавёў пра малавядомыя факты біяграфіі Змітра Жылуновіча, яго ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, а таксама пра некаторыя памылкі, якія сустракаюцца ў энцыклапедыях і біяграфічных даведніках. А кандыдат філалагічных навук Мікола Трус закрануў тэму беларуска-чэшскіх літаратурных сувязяў, ды якіх, як вядома, меў дачыненне і Цішка Гартны.





