3 красавіка 2017 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»
3 красавіка 2017 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра», падрыхтаванай па выніках сумеснага праекта Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Мэтай праекта з’яўлялася атрыбуцыя, апісанне і стварэнне лічбавых копій рукапісных дакументаў XVI–XIX стагоддзяў з фондаў музея, прадастаўленне магчымасці азнаёміцца з імі шырокаму колу даследчыкаў, што з’яўляецца асабліва актуальным у бягучым годзю, абвешчаным у Рэспубліцы Беларусь Годам Навукі.
Архівістамі была праведзена апрацоўка і алічбоўка комплексу дакументаў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Свята-Троіцкі манастыр у Слуцку з’яўляўся рэзідэнцыяй слуцкіх архімандрытаў і адным з найбуйнейшых цэнтраў праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У сувязі з гэтым у яго архіве захавалася мноства дакументаў, складзеных не толькі на тэрыторыі Слуцка і Слуцкага княства, але і ў Вільні, Кіеве, Заблудаве, многіх іншых гарадах і мястэчках Наваградскага, Мазырскага, Пінскага, Лідскага і Гарадзенскага паветаў.
На выставе прадстаўлена некалькі дзясяткаў найбольш цікавых дакументаў, у тым ліку аўтографы караля Аўгуста ІІ, князёў Крыштафа, Януша і Багуслава Радзівілаў, рэйнскага пфальцграфа Карла-Філіпа Нойбурга.
Падчас адкрыцця выставы перад прысутнымі выступілі старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы І.А.Марзалюк, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А. Г. Рыжкоў, дырэктар НГА Беларусі Д. У. Яцэвіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. В. Даніловіч, а таксама намеснік дырэктара НГА Беларусі Д. В. Лісейчыкаў.
У ходзе мерапрыемства адбылася ўрачыстая перадача музею вырабленых архівам лічбавых копій дакументаў.
У адкрыцці выставы таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі навуковай грамадскасці, студэнты вышэйшых навучальных устаноў.
Выстава працуе да 9 красавіка 2017 г. у памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12).