«Другое жыццё» архіўных дакументаў: у Маладзечне адзначылі 2-годдзе медыяпраекта «Аархіўны Веснік»
У занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна ў цёплай, нефармальнай абстаноўцы прайшла выніковая сустрэча ўдзельнікаў медыяпраекта «Архіўны веснік». Хлопцы, якія на працягу двух гадоў выступалі ў ролі вядучых, даследчыкаў і сцэнарыстаў, сабраліся разам, каб у сяброўскім коле адзначыць Дзень нараджэння праекта, абмяняцца ўражаннямі і зладзіць прэм’еру фінальнага выпуску сезона.
За час свайго існавання «Архіўны веснік» даказаў, што з’яўляецца эфектыўнай формай рэнавацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду: сухія архіўныя радкі абрастаюць кантэкстам і ператвараюцца ў займальныя гістарычныя сюжэты. Ажыццяўляецца і тэхналагічная інтэграцыя дакументаў у відэакантэнт, што робіць першакрыніцы зразумелымі і даступнымі для масавага гледача, прыцягваючы да гісторыка-культурнай спадчыны моладзь.
Галоўнай часткай сустрэчы стала не лекцыя, а жывы інтэрактыў у архіўнай тэматыцы, дзе гумар гарманічна спалучаўся з прадметнай вобласцю. Мадэратар Паліна Прастакова прапанавала прысутным «апазнаць» адзін аднаго па метафарычным апісаннях — кожны ўдзельнік праекта на час ператварыўся ва «унікальную адзінку захоўвання» са сваімі адмысловымі прыметамі. Затым з дапамогай нейрасеціва яны адгадвалі архіўныя фразеалагізмы, а пасля праводзілі шматслаёвае «архіўнае расследаванне», дзе па падказках крок за крокам «расшыфроўвалі» ключавыя паняцці. Хуткія эмодзi-рэбусы праверылі іх інтуіцыю і хуткасць рэакцыі. Так у гульнявой форме ўдзельнікі яшчэ раз пераканаліся, што архіў — гэта не толькі папера, але і мова, логіка і цэлая навука пра пошук праўды.
За чаяваннем і святочным тортам хлопцы паглядзелі прэм’еру фінальнага выпуску і рэтраспектыву лепшых сюжэтаў сезона — пра трагедыю ў вёсцы Брусы, гісторыю Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў, «След Агінскага», а для самых маленькіх паказалі мультфільм «Захавальнікі памяці», падрыхтаваны архівам з дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекту. Асобным блокам стала планаванне: разам з дырэктарам архіва і куратарам праекта Інай Зянонаўнай Пудакевіч актывісты абмеркавалі новыя тэмы і медыяплан на наступны год, каб «Архіўны веснік» стаў яшчэ цікавей і глыбей.
Кульмінацыяй сустрэчы стала ўручэнне сертыфікатаў удзельнiка акцыi «Архiвы – школе» (занальны ўзровень) кожнаму юнаму даследніку. Для архіва гэта не проста папера, а дакументальная фіксацыя рэальнага ўкладу дзяцей у захаванне гістарычнай памяці. Прыемным дадаткам да сертыфіката стаў салодкі падарунак.
Удзельнікі сышліся ў меркаванні: пакуль мы даследуем дакументы і гаворым пра іх новым пакаленням — гісторыя і памяць застаюцца жывымі.
На фота: Падчас мерапрыемства
![]() |
![]() |
![]() |



