Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Работнікі БДАМЛМ наведалі адкрыццё выставы «Эстэтыка кадра: Яўген Ігнацьеў і яго свет»

11 лістапада 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі адкрыццё часовай экспазіцыі «Эстэтыка кадра: Яўген Ігнацьеў і яго свет», якое адбылося ў Музеі гісторыі беларускага кіно – філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, выдатнага мастака беларускага кіно Яўгена Аляксеевіча Ігнацьева.

Яўген Ігнацьеў працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм» з 1962 па 1995 год. У якасці мастака-пастаноўшчыка ён прыняў удзел у стварэнні амаль 30 фільмаў. Пазней ён прысвяціў сябе жывапісу.

На адкрыцці выступілі калегі мастака, яго родныя і сябры, якія падзяліліся цёплымі ўспамінамі аб сумеснай працы і сяброўстве з Яўгенам Ігнацьевым. Асаблівым момантам стала выступленне Ядвігі Паплаўскай, якая распавяла пра мастака як пра «дзядзю Жэню» (Паплаўскія і Ігнацьевы парадніліся ў свой час) і адзначыла, што ў яе сям’і беражліва захоўваюцца падораныя ім на памяць карціны.

Архівісты азнаёміліся з экспазіцыяй, у якой прадстаўлены дакументы, узнагароды, фотапартрэты Я.Ігнацьева розных гадоў, эскізы, напісаныя яго рукой, і афішы да фільмаў, мастаком якіх ён быў. Выстава дазваляе прасачыць творчы шлях мастака і ацаніць яго ўклад у развіццё беларускага кінематографа.

 

1. Работнікі БДАМЛМ на адкрыцці выставы «Эстэтыка кадра: Яўген Ігнацьеў і яго свет»
2. Падчас выступу Я.Паплаўскай
3. Работнікі БДАМЛМ падчас прагляду фільма «Дрэва за вакном» пра Я.Ігнацьева
4. Знаёмства з экспазіцыяй
5. На экспазіцыі
6. Знаёмства з творчай спадчынай Я.Ігнацьева
7. Азнаямленне з касцюмамі да фільма «Людзі на балоце» паводле эскізаў Я.Ігнацьева