Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Сумесны выставачны праект «Адзіны народ. Адзіны працоўны подзвіг» быў прадстаўлены ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве

У Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі (г.Масква) адбылася прэзентацыя сумеснага выставачнага праекта Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД) «Адзіны народ. Адзіны працоўны подзвіг».

Экспазіцыя была прадстаўлена шырокай грамадскасці 18 верасня 2026 года ў рамках урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства.

Тэматычна выстава складаецца з трох канцэптуальных блокаў. Першы блок уключае дакументы з фондаў НАРБ, якія раскрываюць працэс уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939 года. Сярод сапраўдных сведчанняў эпохі – улёткі, пратаколы, распараджэнні, дакладныя запіскі і рэдкія фатаграфіі. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі па праве адведзена Дэкларацыі аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, прынятай на Народным сходзе ў Беластоку 29 кастрычніка 1939 года. Асобная вітрына прысвечана біяграфіі Аляксандры Іванаўны Федасюк – члена КПЗБ, дэпутата Народнага сходу і яго паўнамоцнага прадстаўніка, якая стала адной з яркіх фігур працэсу ўз’яднання беларускага народа.

Другі блок складаецца з сямі выставачных планшэтаў выставы «Адновім Беларусь разам!», якія апавядаюць аб пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі, якое стала вынікам самаадданай працы жыхароў як усходніх, так і заходніх абласцей рэспублікі.

Трэці блок быў прадстаўлены дакументальным фільмам «Уз’яднанне», падрыхтаваным у рамках праекта «Адкрыты кінаархіў». Хроніка, заснаваная на ўнікальных відэаматэрыялах з фондаў БДАКФФД, распавядае аб вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі, фарміраванні органаў савецкай улады і доўгачаканым аб’яднанні краіны.

З прывітальным словам і віншаваннямі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ю.М.Селіверстаў.

На адкрыцці выставы перад гасцямі выступілі вядучы архівіст аддзела публікацый НАРБ К.Я.Гаўрыленка і намеснік загадчыка аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі БДАКФФД М.В.Гарэлік.

Працягам вечара стаў святочны канцэрт.

 

1. Дакументальны выставачны праект НАРБ, прымеркаваны да Дня народнага адзінства
2. Выступленне К.Я.Гаўрыленкі
3. Выступленне М.В.Гарэліка
4. Дакументальная экспазіцыя выставы
5. К.Я.Гаўрыленка распавядае наведвальніку выставы аб выставачным праекце
6. Планшэтная экспазіцыя, прысвечаная пасляваеннаму аднаўленню народнай гаспадаркі «Адновім Беларусь разам!»
7. Паўнамоцны і надзвычайны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ю.М.Селіверстаў адкрывае святочнае мерапрыемства
8. Наведвальнікі выставы знаёмяцца з планшэтнай экспазіцыяй
9. Наведвальнік выставы знаёміцца з архіўнымі дакументамі

Не забудзьцеся ўключыць гук у прайгравальніку!

 

Відэасправаздача аб мерапрыемстве