Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў выставу «Савецкая і Заходняя Беларусь: раз’яднаныя, але адзіныя», прысвечаную Дню народнага адзінства

Архівісты Беларусі разам з актывам Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў прынялі ўдзел у выставачным праекце «Сімвалы адзінства: ідэя ў знаках і вобразах», які прайшоў 17 верасня 2026 года ў гандлёвым цэнтры «Першы Нацыянальны гандлёвы дом». Ён аб’яднаў некалькі выставак, прысвечаных Дню народнага адзінства. Гэта дакументальная выстаўка «Савецкая і Заходняя Беларусь: раз’яднаныя, але адзіныя», прадстаўленая Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), кніжны праект «Бацькаўшчына», тэматычная экспазіцыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, фотавыстава, якая адлюстроўвае гістарычны перыяд 1939 года і падрыхтаваная прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым, і іншыя.

Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ігар Бузоўскі, Міністр па падатках і зборах Рэспублiкi Беларусь Дзмітрый Кійко, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар ваенных навук, прафесар Мікалай Бузін, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Воінаў, начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублiкi Беларусь, палкоўнік Сяргей Корнеў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, работнікі Нацыянальнага архіва Рэспублшкі Беларусь, Мінскага гадзіннікавага завода, актыў прафсаюза работнікаў дзяржаўных i iншых устаноў

Перад пачаткам афіцыйнай часткі гасцям прадставілі фільм, які расказвае пра падзеі, якія папярэднічалі 17 верасня 1939 года. Святочную атмасферу дапоўнілі музычныя нумары, у якіх па-асабліваму гучалі тэмы кахання да роднай зямлі, памяці аб мінулым і гонару за сваю краіну.

– Гэта час у чарговы раз кансалідавацца ўсім галінам, структурам, прафсаюзу, працаўнікам дзяржаўных і іншых устаноў, задумацца, для чаго мы разам, – падкрэсліў асаблівую значнасць Дня народнага адзінства старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ігар Бузоўскі. – Актуальнасць свята таксама звязана са змяненнем у свеце глабальных каштоўнасных арыенціраў, дзе ўзмацняюцца індывідуалісцкія і касмапалітычныя падыходы. Важна перадаваць правільныя каштоўнасці наступным пакаленням, каб асабістае «я» не ўспрымалася як супрацьпастаўленне агульнаму «мы», каб праца заставалася фундаментальным вымярэннем.

Міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Кійко расказаў, што сакрэт адзінства беларускага народа ў тым, што ў кожнага ёсць агульныя мэты і задачы. Беларусы ў сваёй краіне адчуваюць сябе спакойна і ўпэўнена. Адзінства беларускага народа было адноўлена 17 верасня 1939 года.

– Мы павінны ўспамінаць, як гэта ўсё адбывалася, чаму так развівалася, – сказаў Дзмітрый Кійко. – Наша задача – расказваць гэта ў першую чаргу моладзі, каб яны ведалі, што ёсць такое свята і што яно азначае, і давалі правільную ацэнку.

Падрыхтаваныя прафсаюзам выставы яшчэ паказалі мінчанам і гасцям сталіцы, што 17 верасня 1939 года -дата, якая стала пунктам аднаўлення гістарычнай справядлівасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. У гэты дзень падзелены новай мяжой па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы беларускі народ аб’яднаўся ў межах адзінай БССР. Таму 17 верасня – не толькі гістарычная дата, але і дзень, калі мы ўсведамляем каштоўнасць адзінства, беражліва захоўваем памяць аб мінулым і перадаем яе наступным пакаленням.

 

1. Удзельнікі афіцыйнай часткі мерапрыемства
2. Знаёмства членаў ППА НАРБ з дакументальнай выставай
3. Знаёмства ганаровых гасцей з дакументальнай выставай
4. Ганаровыя госці знаёмяцца з тэматычнай экспазіцыяй
5. Знаёмства ганаровых гасцей з фотавыставай
6. Члены ППА НАРБ, якія прынялі ўдзел у выставачным праекце