Да Года беларускай жанчыны Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб педагогу, ганаровай грамадзянке Брагіна В.І.Прыходзька

Валянціна Іванаўна Прыходзька ў 1959 годзе скончыла філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага інстытута імя В.П.Чкалава. З 1959 па 2004 год працавала ў аддзеле адукацыі, а таксама ў школах Брагінскага раёна выкладчыкам рускай і беларускай моў і літаратуры. Яе ўклад у сістэму адукацыі Беларусі адзначаны медалямі «За доблесную працу» (1970) і «За працоўную доблесць» (1981), званнем «Настаўнік-метадыст» (1988), нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1994). У паслячарнобыльскі перыяд Валянціна Іванаўна як адна з пацярпелых атрымала кватэру ў Гомелі, дзе і дажывала свой век з унучкай. Былыя вучні з цеплатой адклікаліся аб Валянціне Прыходзька, адзначаючы яе асаблівы падыход да выкладання і садзейнічанне развіццю талентаў у дзяцей.

У Занальным дзяржаўным архіве ў г.Рэчыцы ў фондзе Брагінскага райвыканкама захоўваецца рашэнне №365/25 ад 19 верасня 1997 года (Ф.214 Воп.2 Спр.309 Арк.115), якое змястоўвае наступныя радкі: «За шматгадовую актыўную педагагічную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раённы выканаўчы камітэт і прэзідыўм раённага Савета дэпутатаў вырашылі: прысвоіць Прыходзька Валянціне Іванаўне – заслужанай настаўніцы Рэспублікі Беларусь званне ганаровага грамадзяніна гарадскога пасёлка Брагін».

 

1. Фотапартрэт В.І.Прыходзька
2. ЗДАРэч Ф.214 Воп.2 Спр.309 Арк.115