Пра ўдзел у прэзентацыі кнігі

Супрацоўнікі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Полацку» прынялі ўдзел у прэзентацыі кнігі «Зберагаючыя памяць пакаленняў».

7 ліпеня ў дзіцячай бібліятэцы ім. А.Пушкіна ў г.Наваполацку прайшла прэзентацыя фундаментальнага выдання «Зберагаючыя памяць пакаленняў» для ўстаноў і арганізацый горада. Кніга, якая выйшла ў 2026 годзе, – вынік шматгадовай працы пошукавікоў Беларусі і Расіі, краязнаўцаў і гісторыкаў. Яна прысвечана кровапралітным баям 1941 года, баям за Віцебск восенню і зімой 1943-1944 гадоў, на берагах ракі Лучосы і іншым трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Ларыса Навумаўна Бруева – адзін з аўтараў кнігі, распавяла пра тое, як карпатліва і беражліва збіралі для выдання сведчанні відавочцаў, выпіскі з часопісаў баявых дзеянняў, ваенныя карты і ўнікальныя фатаграфіі, вяртаючы з нябыту імёны герояў. Вельмі кранальна прагучаў аповяд аб працы пошукавікоў па ўздыме савецкіх байцоў і ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Віцебскай вобласці, аб правядзенні міжнародных вахт памяці і многае іншае.

Дзяржархіў у г.Полацку выказвае падзяку Л.М.Бруевай за прадстаўлены асобнік кнігі ў карыстанне супрацоўнікам і наведвальнікам архіва.

 

1.На прэзентацыі кнігі «Зберагаючыя памяць пакаленняў» з Л.Н.Бруевай
2. Кніга «Зберагаючыя памяць пакаленняў»