Урачыстае мерапрыемства да 100-годдзя кінааператара Алега Аўдзеева ў БДАМЛМ

 

15 чэрвеня 2026 года ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыўся вечар памяці, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага кінааператара, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Алега Ціханавіча Аўдзеева (1926-2025). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі БДАМЛМ, Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства архівістаў», Беларускі саюз кінематаграфістаў і аддзел экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Спадчына майстра, які скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі пад кіраўніцтвам А.Гальперына і Э.Тысэ і аддаў амаль сорак гадоў працы на кінастудыі «Беларусьфільм», уключае такія знакавыя карціны, як «Дзяўчынка шукае бацьку», «Крыніцы», «Ваўчыная зграя», «Дачка камандзіра» і «Раман імператара».

З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка. Мадэратарам сустрэчы выступіла загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства А.А.Карпілава. Яна прэзентавала знакавую кнігу «100 гадоў беларускага кіно: этапы, фільмы, майстры», а таксама прааналізавала творчы шлях Алега Ціханавіча Аўдзеева, падкрэсліўшы маштабнае значэнне яго працы і неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнага кінематографа.

Вядучы архівіст БДАМЛМ Т.А.Анпілогава прадставіла гасцям тэматычную выставу архіўных дакументаў, прымеркаваную да векавога юбілею майстра.

У рамках мерапрыемства сваімі ўспамінамі пра Алега Ціханавіча Аўдзеева падзяліліся дацэнт кафедры кінатэлеаператарства і гукарэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў П.В.Крывастаненка, член Прэзідыума Беларускага саюза кінематаграфістаў В.А.Сцяпанава, а таксама сын кінааператара – кінакрытык і сузаснавальнік Музея гісторыі беларускага кіно І.А.Аўдзееў. Ён распавёў аб жывапісных карцінах бацькі, якія былі прадстаўлены на мерапрыемстве. Як аказалася, жывапіс з’яўляўся адным з яркіх напрамкаў творчай працы Алега Ціханавіча, а ключавой тэмай яго палотнаў стала гісторыя чыгункі.

Творчую атмасферу сустрэчы дапоўніў паказ дакументальнага фільма А.Ц.Аўдзеева «На Оке» і біяграфічнай стужкі «В движении».

 

1. Падчас выступлення А.А.Макаранка
2. Падчас выступлення Т.А.Анпілогавай
3. Падчас выступлення А.А.Карпілавай
4. Падчас выступлення П.В.Крывастаненка
5. Падчас уручэння памятнага падарунка ад БДАМЛМ
6. Падчас выступлення В.А.Сцяпанавай
7. Падчас знаёмства з тэматычнай дакументальнай выставай
8. Выстава карцін А.Ц.Аўдзеева