«Ноч музеяў» у БДАМЛМ

 

15 мая 2026 года напярэдадні міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася экскурсія «Таямніцы касцёла Святога Язэпа». Большасць удзельнікаў экскурсіі склалі студэнты каледжа інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. У якасці экскурсавода выступіў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў архіва-музея Дзмітрый Самахвалаў. Ён распавёў пра гісторыю будынка касцёла Святога Язэпа, архітэктурныя рысы барока, працу архіўных устаноў у будынку, пазнаёміў экскурсантаў з выставамі, арганізаванымі БДАМЛМ.

Будынак касцёла Святога Язэпа месціцца па адрасу вуліца Кірылы і Мяфодзія, 4 у Мінску. Касцёл быў пабудаваны ў 1652 г., аднак сучасныя архітэктурыя рысы віленскага барока набыў пасля перабудовы ў 1752 г.Першапачаткова яго ўладальнікамі былі манахі-бернардзінцы. У 1863 г. расійскія імперскія ўлады канфіскавалі будынак і на кароткі час ператварылі яго ў вязніцу для ўдзельнікаў паўстання на чале Кастуся Каліноўскага. У 1872 г. будынак касцёла быў перададзены Мінскаму судоваму архіву. З таго часу будынак касцёла Святога Язэпа практычна без перапынку выкарыстоўваўся архівістамі і па сутнасці з’яўляецца найстарэйшым дзеючым архіўным будынкам у нашай краіне. У нашы дні ў ім працуюць Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, а таксама Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі.

 

1. Студэнты каледжа інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі ў БДАМЛМ
2. Падчас экскурсіі ў БДАМЛМ
3. Знаёмства з арганізацыяй захоўвання дакументаў у архіве-музеі