Візіт архівістаў г.Санкт-Пецярбурга ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

14 ліпеня 2025 года ў рамках правядзення Дзён г.Санкт-Пецярбурга ў Мінску адбыўся візіт начальніка аддзела выкарыстання дакументаў, праектнай і арганізацыйнай работы Архіўнага камітэта Санкт-Пецярбурга Н.Г.Міраненкі і дырэктара Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай казённай установы «Лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў дзяржаўных архіўных устаноў Санкт-Пецярбурга» В.М.Пейбо ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Важным аспектам гэтага візіту з’яўлялася абмеркаванне актуальных пытанняў, якія стаяць перад архіўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, у тым ліку цыфравізацыі, паляпшэнне доступу да архіўнай інфармацыі і ўкараненне сучасных тэхналогій у працу архіваў.

Намеснікам дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Я.Цвятковым быў прадстаўлены даклад аб асноўных напрамках работы архіваў Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе, уключаючы прыём дакументаў і спраў на пастаяннае захоўванне, стварэнне лічбавых копій дакументаў, выставачную і публікацыйную дзейнасць, прымяненне штучнага інтэлекту пры падрыхтоўцы відэасюжэтаў, і інш.

Наталля Генадзеўна Міраненка расказала аб сетцы архіўных устаноў г.Санкт-Пецярбурга і прадставіла прэзентацыю «Выставачная і выдавецкая дзейнасць архіўнай службы Санкт-Пецярбурга». Сярод знакавых праектаў, падрыхтаваных архівамі г.Санкт-Пецярбурга ў 2024-2025 гг., яна адзначыла выставы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і блакады Ленiнграда, заканадаўчай улады г.Санкт-Пецярбурга, Стараладажскага Мікольскага мужчынскага манастыра і інш.

У дакладзе Вольгі Мікалаеўны Пейбо «Праца па забеспячэнні захаванасці архіўных дакументаў у СПБ ДКУ ЛЗЗДДАУ» былі адлюстраваны асноўныя напрамкі дзейнасці лабараторыі: абяспыльванне і сухая чыстка дакументаў, адбор мікрабіялагічнай пробы, вызначэнне кіслотнасці дакументаў, працэс рэстаўрацыі, пераплёт, мікрафільмаванне і сканаванне архіўных дакументаў.

Акрамя таго, падчас сустрэчы выступілі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама В.В.Калін і загадчык аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду архіва Т.А.Шаўчэнка.

Для гасцей была арганізавана аглядная экскурсія па архіве, падчас якой іх азнаёмілі з гісторыяй архіва і асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці, складам і асаблівасцямі захоўвання дакументаў, а таксама з работай чытальнай залы архіва. Асаблівую цікавасць выклікала наведванне архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе захоўваюцца дакументы дзяржаўных, партыйных і грамадскіх дзеячаў, вучоных Беларусі. Акрамя таго, былі прадэманстраваны дакументы, якія адлюстроўваюць сувязі г.Санкт-Пецярбурга з Беларуссю, яе жыхарамі і гісторыяй.

Такім чынам, сустрэчы паміж архівістамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі садзейнічаюць умацаванню прафесійных сувязей, развіццю архіўнай справы ў абедзвюх дзяржавах і захаванню дакументальнай спадчыны для найбольш поўнага разумення гістарычных працэсаў.

 

1. Выступленне намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Я.Цвяткова
2. Выступленне начальніка аддзела выкарыстання дакументаў, праектнай і арганізацыйнай работы Архіўнага камітэта Санкт-Пецярбурга Н.Г.Міраненка
3. Выступленне дырэктара Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай казённай установы «Лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў дзяржаўных архіўных устаноў Санкт-Пецярбурга» В.М.Пейбо
4. Выступленне першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама В.В.Каліна
5. Выступленне загадчыка аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Т.А.Шаўчэнкі
6. Падчас правядзення мерапрыемства
7. Падчас правядзення мерапрыемства
8. Падчас наведвання чытальнай залы архіва
9. Падчас наведвання архівасховішча фондаў асабістага паходжання
10. Падчас наведвання архівасховішча фондаў асабістага паходжання
11. Агульнае фота ўдзельнікаў мерапрыемства