11 красавіка 2025 года супрацоўнікі «Занальнага дзяржархіва ў г.Слуцку» прынялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, прайшло каля памятнага знака вязням лагера савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян на тэрыторыі 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Сёння ва ўсім свеце адзначаецца памятная дата-Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Яна стала адначасова сімвалам найвялікшай трагедыі і смутку, стойкасці і бяспрыкладнай мужнасці людзей розных нацый і народнасцяў, воляю лёсу апынуліся ў засценках фашысцкіх лагераў смерці. Дата ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года.
У чэрвені 1941 года ў горадзе Слуцку на тэрыторыі першага ваеннага гарадка быў створаны лагер для савецкіх ваеннапалонных. З 1942 года ў лагер сталі звозіць мірных жыхароў не толькі з іншых гарадоў Беларусі, але і акупаваных абласцей Расіі. У асноўным гэта былі жанчыны, дзеці і старыя… Працаздольных немцы адпраўлялі ў канцлагеры ў Польшчу, Прыбалтыку, Германію. Хворыя і слабыя заставаліся ў Слуцку, многія з іх гінулі ад голаду і холаду. Хавалі памерлых тут жа, на тэрыторыі лагера…
З чэрвеня 1941 па сакавік 1944 года ў Слуцкім лагеры савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян было закатавана, расстраляна, памерла ад ран і эпідэмій больш за 28 тысяч чалавек. Кожнае жыццё, абарванае ў тыя страшныя гады, – гэта не проста лічба ў статыстыцы. Гэта лёсы, мары, сем’і, якія назаўсёды засталіся ў мінулым. Мы павінны памятаць пра тых, хто пакутаваў, хто змагаўся за жыццё, хто страціў сваіх блізкіх. Іх мужнасць і стойкасць служаць нам напамінам пра важнасць міру і згоды.
Удзельнікі мерапрыемства хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых, да памятнага знака ўсклалі кветкі.
![]() |
Мы памятаем. У Слуцку ўшанавалі памяць вязняў фашысцкіх канцлагераў |