Фотадакументальная выстава «Зорны шлях»
11 красавіка 2025 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрыўся фотадакументальны выставачны праект «Зорны шлях», падрыхтаваны Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, і прымеркаваны да Міжнароднага дня палёту чалавека ў космас.
Пасля запуску свайго першага спадарожніка 22 ліпеня 2012 г. Беларусь па праве атрымала статус касмічнай дзяржавы. Шлях праз церні да зорак таксама паспяхова пракладалі нашы землякі.
Першым нашым суайчыннікам, які адправіўся баразніць касмічныя прасторы, стаў ураджэнец вёскі Камароўка Брэсцкай вобласці Пётр Клімук. У якасці камандзіра касмічнага карабля «Саюз-13» з 18 па 26 снежня 1973 г. ён удзельнічаў у арбітальным палёце, а ўсяго ён лётаў у космас тройчы і правёў там 78 сутак.
Таксама тройчы ў космасе пабываў яшчэ адзін наш суайчыннік – ураджэнец вёскі Белае Крупскага раёна Мінскай вобласці Уладзімір Кавалёнак (1977 г., 1978 г. і 1981 г.), які знаходзіўся па-за Зямлёй у агульнай складанасці 216 сутак, з іх – дзве гадзіны ў адкрытым космасе. Трэцім беларусам, які пабываў ў космасе, стаў ураджэнец горада Чэрвеня Мінскай вобласці Алег Навіцкі. У космас ён адправіўся 23 кастрычніка 2012 г., і адразу – ў статусе камандзіра экіпажа. Разам з беларусам на борце карабля «Саюз ТМА-06М» паляцелі расіянін Я.Тарэлкін і амерыканец К.Форд. Пасля наш зямляк ажыццявіў яшчэ тры палёты на Міжнародную касмічную станцыю, здзейсніў тры выхады ў адкрыты космас агульнай працягласцю 22 гадзіны 38 хвілін.
Вясной 2024 г. ва ўсім свеце сачылі за палётам у космас першай беларускі Марыны Васілеўскай, і са здзіўленнем сузіралі як наша зямлячка, не будучы прафесійным касманаўтам, упэўнена і мужна, і пры гэтым чароўна ўсміхаючыся, пераадолела ўсе складанасці касмічнага палёту і атрымала ў выніку заслужаную высокую ўзнагароду – Героя Беларусі.
НАРБ прадставіў на выставе архіўныя дакументы: Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 23 чэрвеня 1967 г. аб ратыфікацыі Дагавора аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц і іншыя нябесныя целы; Пастанову Савета Міністраў Беларускай ССР аб падпісанні Беларускай ССР Канвенцыі аб рэгістрацыі аб’ектаў, якія запускаюцца ў касмічную прастору, а таксама Пастанову Калегіі Дзяржтэлерадыё БССР, Калегіі Міністэрства асветы БССР, Сакратарыята ЦК ЛКСМБ, Праўлення Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі аб правядзенні тэлевізійных сустрэч піянераў школ, у якіх вучыліся касманаўты, якія прынялі ўдзел у самым працяглым у гісторыі чалавецтва касмічным палёце; перыядычныя выданні з газетнай калекцыі, якія прымеркаваны датам палётаў; фатаграфіі дома-музея Ю.Гагарына; фота сустрэч касманаўтаў з грамадскасцю, і іншыя.
З выставай архіўных дакументаў супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублiкi Беларусь азнаёміў вядучы архівіст НАРБ, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В.Г.Мазец.
![]() |
1. Афіша фотадакументальнага выставачнага праекта «Зорны Шлях» |
![]() |
2. Вядучы архівіст НАРБ В.Г.Мазец знаёміць з выставай архіўных дакументаў супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь |
![]() |
3. Дакументы НАРБ на выставе |
![]() |
4. Дакументы НАРБ на выставе |
![]() |
5. Супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў |
![]() |
6. Архіўныя дакументы на выставе «Зорны Шлях» |