Цэнтральная лабараторыя папулярызуе прафесію архівіста на кангрэсе, які праводзіцца «Гільдыяй бацькоў»

У эпоху дынамічнага развіцця тэхналогій і зменлівых грамадскіх каштоўнасцяў пытанне прафарыентацыі і ўмацавання кадравага патэнцыялу становіцца як ніколі актуальным. У гэтым кантэксце кіраўніцтва Цэнтральнай лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду асаблівую ўвагу надае папулярызацыі сярод навучэнскай моладзі прафесіі архівіста – прафесіі, якая часта застаецца ў цені, але адыгрывае ключавую ролю ў захаванні гістарычнай і культурнай памяці нашага грамадства.

Адным з дзейсных інструментаў папулярызацыі нашай прафесіі з’яўляецца ўдзел у мерапрыемствах розных фарматаў, якія праводзяцца для навучэнскай моладзі ў г.Мінску.

Не стаў выключэннем і кангрэс «Бацька – як апора традыцыйнай сям’і», праведзены 21 кастрычніка 2024 года грамадскім аб’яднаннем «Гільдыя бацькоў» на базе факультэта журналістыкі БДУ для старшакласнікаў г.Мінска і іх бацькоў, на які ў якасці члена журы выставы-конкурсу «Намалюю свой радавод» быў запрошаны загадчык аддзела аблічбоўвання і мікрафільмавання дакументаў Цэнтральнай лабараторыі Вячаслаў Іванавіч Кулак.

Падводзячы вынікі выставы-конкурсу, Вячаслаў Іванавіч пазнаёміў удзельнікаў са спецыфікай працы Цэнтральнай лабараторыі, а таксама падкрэсліў значнасць працы архівістаў і іх уклад у захаванне гістарычнай памяці, што выклікала непадробную цікавасць. У сваю чаргу, навучэнцы – пераможцы конкурсу сумесна з бацькамі і арганізатарамі былі запрошаны ў Цэнтральную лабараторыю на азнаямленчую экскурсію.

 

1. Загадчык аддзела аблічбоўвання і мікрафільмавання дакументаў В.І.Кулак (на заднім плане) за абмеркаваннем прадстаўленых на конкурс работ
2. Загадчык аддзела аблічбоўвання і мікрафільмавання дакументаў В.І.Кулак (у цэнтры) з пераможцамі выставы-конкурсу «Намалюю свой радавод»
3. Загадчык аддзела аблічбоўвання і мікрафільмавання дакументаў В.І.Кулак (злева) знаёміць удзельнікаў са спецыфікай работы Цэнтральнай лабараторыі