4 верасня 2023 года Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прадставіў гісторыка-дакументальную банэрную выставу ўдзельнікам грамадска-палітычнай акцыі «Беларусь адзіная»

З 4 па 17 верасня 2023 г. у Беларусі праходзіць грамадска-палітычная акцыя «Беларусь адзіная», якая стартавала ў г.Маладзечне Мінскай вобласці.

4 верасня дэлегацыі з усіх раёнаў Мінскай вобласці сабраў Палац культуры ў Маладзечне. Перад пачаткам форуму яго ўдзельнікі пазнаёміліся з выставамі ўстаноў раёна і вобласці.

Для ўдзельнікаў мерапрыемства Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці прэзентаваў гісторыка-дакументальную банэрную выставу «Генацыд мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1945». Гісторыка-дакументальная экспазіцыя, складзеная на аснове актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі (ЧДК) па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў, а таксама сведчанняў відавочцаў, данясенняў, рапартаў і спецпаведамленняў, выклікала непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства.

Архіўныя дакументы – найважнейшыя доказы ўчыненых злачынстваў, якія закліканы засведчыць факты генацыду мірных савецкіх грамадзян, успомніць і ўвекавечыць іх імёны, выявіць раней невядомыя факты зверстваў і злачынцаў, якія пазбеглі пакарання. Злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміна даўнасці.

Выстаўка дакументаў з’яўляецца данінай памяці загінуўшым і садзейнічае гістарычнай справядлівасці, умацоўваючы прынцып адзінства нацыі, маральнасць і патрыятызм.