Адкрыццё дакументальнай выставы «Рэліквіі ваенных гадоў»
22 жніўня 2023 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Рэліквіі ваенных гадоў», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
Вялікая Айчынная вайна стала самым сур’ёзным выпрабаваннем у беларускай гісторыі, калі на барацьбу з гітлераўскімі захопнікамі падняўся ўвесь народ. У шэрагах партызан змагалася каля 400 000 чалавек, а партызанскім рэзервам па сутнасці быў увесь народ. У сувязі з гэтым Беларусь па праве далёка вядомая як «Рэспубліка-партызанка».
У 1941-1944 гг. гітлераўцы так і не змаглі адчуць сябе гаспадарамі на тэрыторыі Беларусі, дзякуючы гераічным намаганням партызан, якія раз за разам зрывалі каварныя задумы ворага. Разам з тым, ва ўмовах, кажучы сучаснай мовай інфармацыйнай вайны, акрамя баявых дзеянняў, вельмі важным было і супрацьстаянне гітлераўскай прапагандзе, калі, як трапна было сказана, «да штыка прыраўнялі пяро». У вельмі складаных умовах ляснога жыцця і недахопу самага неабходнага партызаны малявалі самаробныя карты мясцовасці з пазначэннем размяшчэння гарнізонаў акупантаў, з нязменным гумарам выпускалі насценгазеты і самаробныя часопісы, у якіх змяшчалі замалёўкі свайго побыту і карыкатуры на прадстаўнікоў варожай улады. Партызанскія выданні беражліва пераходзілі з рук у рукі, тым самым умацоўваючы маральны дух партызан і мясцовага насельніцтва, веру ў немінучую перамогу. Дзякуючы ўнікальным партызанскім партрэтам, якія захаваліся ў архіве, мы і зараз можам бачыць твары мужных герояў ваенных гадоў.
Многія партызанскія малюнкі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выкананы на вельмі высокім мастацкім узроўні, з асаблівай увагай і любоўю да дэталяў, дзякуючы чаму з’яўляюцца каларытным і найкаштоўнейшым помнікам мінулай эпохі, крыніцай звестак пра партызанскі побыт і, ў цэлым, непадробным сведчаннем вялікага подзвігу нашага народа.
Работнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь пазнаёмілі з выставай супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.