Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» прадстаўляе дакументы аб адкрыцці Дома-музея І.П. Мележа

40 гадоў назад, 12 лютага 1983 года, свае дзверы для наведвальнікаў расчыніў Дом-музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа (1921 – 1976) ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе Іван Паўлавіч нарадзіўся і вырас. Дакументы аб стварэнні і адкрыцці музея знаходзяцца на пастаянным захаванні ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы».

Сапраўдны дом Мележа ў Глінішчах был праданы яшчэ ў 1970 годзе пры яго жыцці, таму пастановай № 302/Ч9 бюро Хойніцкага райкама КПБ і выканкама Хойніцкага райсавета дэпутатаў працоўных ад 15 ліпеня 1977 года «Аб стварэнні мемарыяльнага музея І.П. Мележа» (Ф. 1. Воп. 1. Спр. 496. Арк. 64, 65) прадугледжвалася будаўніцтва новага памяшкання пад Дом-музей. Рашэнне № 95 выканкама Хойніцкага райсавета народных дэпутатаў ад 25 лютага 1983 года «Пытанні будаўніцтва і адкрыцця мемарыяльнага музея народнага пісьменніка БССР І.П. Мележа» (Ф. 1. Воп. 1. Спр. 590. Арк. 28) сведчыць аб адкрыцці Дома-музея ў вышэйуказаную дату, а таксама аб удзеле ў яго стварэнні мясцовага калгаса «Ленінскі шлях» (у цяперашні час – КСУП «Імя І.П. Мележа»).

Сёння Дом-музей І.П. Мележа ўваходзіць у склад Хойніцкага раёнага краязнаўчага музея і па-ранейшаму прымае прыхільнікаў творчасці пісьменніка.