Урачыстая цырымонія пасвячэння маладых архівістаў – 2023
24 жніўня 2024 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія пасвячэння маладых архівістаў у прафесію.
Акцыя праводзілася ў дадзеным фармаце ўпершыню і была прымеркавана да Года міру і стварэння. Па выніках 2022 – 2023 навучальнага года рэспубліканскія архіўныя ўстановы прынялі ў свае шэрагі 28 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў. Маладыя спецыялісты прынялі ўдзел у гульні «Знаёмства» і ў інтэрактыўнай экскурсіі па Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Перад выпускнікамі выступілі кіраўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства цэнтра электроннай дакументацыі, Цэнтральнай лабараторыі аблічбоўкi i захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду.
Кіраўнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў расказалі аб сваіх установах, складзе дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў архівах, спецыфіцы работы арганізацый.
У мерапрыемстве прыняў удзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў.
Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству ў сваім выступленні адзначыў, што сёння дзяржаўныя архіўныя ўстановы не толькі забяспечваюць захаванасць дакументальнай спадчыны, але і выступаюць у ролі гісторыка-асветніцкіх цэнтраў, якія прапагандуюць гістарычную праўду грамадству.
Кіраўніком архіўнай службы Беларусі было падкрэслена, што зараз Нацыянальны архіўны фонд складае звыш 13 мільёнаў 700 тысяч спраў.
Адным з ключавых напрамкаў развіцця айчыннай архіўнай галіны стаў працэс лічбавай трансфармацыі, у рамках якога асноўнай пазіцыяй з’яўляецца аблічбоўванне архіўных дакументаў. Пры гэтым тэмпы аблічбоўвання дакументальных крыніц маюць устойлівую тэндэнцыю да росту (у 2021 годзе створана 1,23 мільёна электронных старонак, у 2022 – звыш 1,3 мільёна электронных старонак, у 2023 годзе плануецца стварыць каля 1,5 мільёна электронных старонак).
Дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводству было падкрэслена, што разам з праектамі, якія развіваюцца на працягу шэрага гадоў, такімі як «Партызаны Беларусі», «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», рэалізуюцца новаствараемыя, у ліку якіх інтэрнэт-праект «Дакументальны летапіс Беларусі», галіновы віртуальны праект «Гарады Беларусі», праект «Біяграфія маёй краіны», праект «Адкрыты кінаархіў» і інш.
А.Л.Воінаў зазначыў, што ў рэалізацыі гэтых праектаў значная роля будзе адведзена менавіта маладым спецыялістам як людзям найбольш крэатыўным, якія маюць новы погляд на вырашэнне праблем.
Актыўна развіваецца ініцыяваная Дэпартаментам па архівах і справаводству ў 2022 годзе рэспубліканская акцыя «Архівы-Школе», якая стала дзейсным інструментам асветніцкай і ідэалагічнай работы. Усяго на сённяшні дзень праведзена каля 1 200 мерапрыемстваў, якія наведалі больш за 15 тысяч школьнікаў і студэнтаў.
У рамках акцыі «Архівы-Школе» дадзены старт новаму пілотнаму праекту «Юны архівіст», які дазволіць навучэнцам профільных класаў сацыяльна-гуманітарнай накіраванасці больш паглыблена вывучыць гісторыю свайго краю.
Асабліва А.Л.Воінавым была адзначана важнасць публікацыйных праектаў.
У 2022 годзе завершана рэалізацыя сумеснага з архівамі Расійскай Федэрацыі фундаментальнага шасцітомнага выдання «Без тэрміна даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны». У 2023 годзе сумесна з Беларускім тэлеграфным агенцтвам пабачыў свет новы зборнік архіўных дакументаў «Архівы. Нічога, акрамя праўды».
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.М.Клішэвіч і Старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў С.В.Патапенка, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве, звярнуліся да маладых архівістаў са словамі пажадання поспехаў у працы, а таксама на ўсім жыццёвым шляху.
У фінальнай частцы мерапрыемства новыя работнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў па традыцыі прамовілі клятву на вернасць архіўнай справе.