22 красавіка – дзень у гісторыі архіўнай галіны
22 красавіка 1992 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 224, у адпаведнасці з якой на базе Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь і былога Цэнтральнага партыйнага архіва КПБ быў арганізаваны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. У склад Нацыянальнага архіва не ўвайшоў Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, які неўзабаве быў пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны архіў. 12 чэрвеня 1995 года сетка рэспубліканскіх архіўных устаноў была рэарганізавана: на базе комплексу дакументаў канца XIV – пачатку XX стагоддзяў быў арганізаваны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, а комплекс дакументаў былога Цэнтральнага партыйнага архіва КПБ быў перададзены Беларускаму дзяржаўнаму архіву з рэарганізацыяй апошняга ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
Акрамя арганізацыі Нацыянальнага архіва, пастановай ад 22 красавіка 1992 года рэкамендавалася стварыць філіялы абласных дзяржаўных архіваў на базе абласных партыйных архіваў КПБ, а Цэнтральны дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў Рэспублікі Беларусь павінен быў бясплатна атрымліваць пазітывы фільмаў, вырабленых па рэспубліканаскім сацыяльна-творчым замовам, і негатывы фотаздымкаў, вырабленых сродкамі масавай інфармацыі за кошт дзяржаўных сродкаў.
Супрацоўнікі аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» выявілі арыгінал важнага для гісторыі архіўнай справы ў Беларусі дакумента падчас тэматычнай распрацоўкі фонда № 7 «Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь». На пастанову была складзена электронная каталожная картка, якая ўжо папоўніла сістэматычны каталог і даступна карыстальнікам чытальнай залы архіва.
![]() |
НАРБ. Ф.7 Оп.12 Д.4 Л.114 |