Дакументы з фондаў беларускіх архіваў папоўнілі інтэрнэт-праект «Злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.»

22 чэрвеня 2021 года, у дзень 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, архіўны інтэрнэт-праект «Злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.» папоўніўся дакументальнымі матэрыяламі з фондаў беларускіх архіваў.

Архіўныя ўстановы Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у інтэрнэт-праекце па запрашэнні арганізатара – Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі.

У падраздзеле, прысвечаным Беларускай ССР, прадстаўлены дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, а таксама дзяржаўных архіваў Гомельскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.

Усяго ў адкрытым доступе размешчана больш за 570 дакументаў, сярод якіх акты гарадскіх і раённых камісій па расследаванні злачынстваў нацыстаў, паведамленні партызанскіх брыгад пра зверствы нямецкіх акупантаў, акты аб знішчэнні карнікамі населеных пунктаў, фотадакументы, плакаты, ілюстрацыі, успаміны сведкаў пра падзеі на акупаванай тэрыторыі і інш.

Дадатковая інфармацыя даступна па спасылцы.