1 лістапада 2017 г. у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адбылося адкрыццё выставы «Генеральны план аднаўлення і развіцця Мінску 1946 г.»

1 лістапада 2017 года ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адбылося адкрыццё выставы «Генеральны план аднаўлення і развіцця Мінску 1946 г.», прысвечанай стварэнню і зацвярджэнню гэтага найважнейшага дакумента ў паваеннай гісторыі беларускай сталіцы.

На выставе экспаніраваны каляровы графічны малюнак генеральнага плана, а таксама дакументы, звязаныя з яго распрацоўкай, абмеркаваннем і прыняццем: фатаграфіі разбуранага Мінска, вядомых архітэктараў, якія ўдзельнічалі ў стварэнні гэтага дакумента, эскізныя праекты забудовы Цэнтральнай плошчы горада і іншыя дакументы.

З прывітальным словам выступіў дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі А. М. Запартыка. На выставе прысутнічалі супрацоўнікі БДАНТД і БДАМЛМ, загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму МДЛУ, кандыдат гістарычных навук С. Я. Новікаў, архітэктары Л. А. Есьман, Г. Д. Горына, С. Ф. Сафонава і інш. Прысутныя распавялі аб сваёй працы ў праектных інстытутах, аб ролі генеральнага плана 1946 г. у далейшым развіцці сталіцы Беларусі і аб пераемнасці з генеральным планам Мінска 1965 г.

Генеральны план 1946 г. з’яўляецца асноўным дакументам, звязаным з аднаўленнем разбуранай сталіцы Беларусі. Праца над гэтым дакументам пачалася адразу пасля вызвалення горада і вялася з прыцягненнем вядучых дойлідаў СССР: А. В. Шчусева, А. Г. Мардвінава, Н.Д. Коллі, І. Г. Лангбарда, Н.Е. Трахтэнберга і іншых.

Значнае месца ў фарміраванні будучага аблічча горада займала Цэнтральная плошча сталіцы, конкурсныя праекты на забудову якой праводзіліся ў другой палове 1940-х гг.

Генеральны план 1946 г. распрацоўваўся на перыяд да 1960 г. і вызначыў асноўныя напрамкі развіцця сталіцы рэспублікі: прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, пытанні азелянення горада, вырашэнне транспартных праблем.