Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці выдаў зборнік «Мінская вобласць у дакументах і матэрыялах. Выпуск 4. 1954 – 1964 гг. Час пераменаў»
Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці выдаў чарговы зборнік «Мінская вобласць у дакументах і матэрыялах. Выпуск 4. 1954 – 1964 гг. Час пераменаў». Прадстаўленае выданне працягвае серыю і асвятляе перыяд часу ў гісторыі Мінскай вобласці з 1954 па 1964 гг.
У зборніку апублікаваны 78 дакументаў з фондаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, якія адлюстроўваюць грамадска-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае становішча і культурнае жыццё Мінскай вобласці ў азначаны перыяд. Выданне суправаджаецца шырокім навукова-даведкавым апаратам і спецыяльна распрацаванымі разгорнутымі біяграфічнымі даведкамі з указаннем пошукавых дадзеных асабістых спраў кіруючых работнікаў Мінскай вобласці ў гэты час. Значная частка дакументаў публікуецца ўпершыню.
Зборнік праілюстраваны фотакопіямі арыгінальных архіўных дакументаў, фотаздымкамі з фондаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (г. Дзяржынск).
У рэдакцыйную калегію зборніка ўвайшлі: Ю. В. Матусевіч (галоўны рэдактар), Ю. С. Рамашка, В. А. Цалікавец, І. М. Лукашэвіч, А. М. Жукава, А. А. Капліеў.
Навуковым кансультантам зборніка стаў Валянцін Генрыхавіч Мазец — вядучы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Рэцэнзентамі выступілі Уладзімір Канстанцінавіч Коршук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, доктар гістарычных навук і Андрэй Пятровіч Салаўянаў, вучоны сакратар інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук.
Выданне будзе цікавым шырокаму колу чытачоў.