Дырэктар Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Глыбокае Баравік Н.А. прыняла ўдзел у Летняй школе архівістаў краін СНД, якая праходзіла ў г. Алматы

Дырэктар установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Глыбокае» Баравік Нэля Аляксандраўна ў мэтах павышэння кваліфікацыі і абмену вопытам з 26 па 30 чэрвеня 2017 г. прымала ўдзел у Летняй школе архівістаў краін СНД, якая праходзіла ў г. Алматы (Рэспубліка Казахстан). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Архіў Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан; Гісторыка-архіўны інстытут Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта; факультэт гісторыі, археалогіі і этналогіі Казахскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя аль-Фарабі.

Даў старт мерапрыемствам Летняй школы архівістаў дырэктар Архіва Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, прафесар Б.А.Джапараў. Архіў Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан створаны ў 1994 годзе на базе Цэнтральнага дзяржаўнага архіва найноўшай гісторыі і ў цяперашні час налічвае больш за 780 тыс. адз. зах. Дэвізам архіўнай працы можна лічыць словы Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Н. А. Назарбаева: «Нам неабходна ўгледзецца ў мінулае, каб зразумець сучаснасць і ўбачыць контуры будучага».

У Рэспубліцы Казахстан рэалізуецца праграма «Лічбавы Казахстан» і архівісты гэтай краіны ўносяць сваю лепту па ўвасабленню ідэі Кіраўніка дзяржавы па ўваходжанні Казахстана ў лік 30-ці самых развітых краін свету.

Кіраванне электроннымі дакументамі ў справаводстве і архівах, камплектаванне дакументамі асабістага паходжання, аўтаматызацыя асноўных напрамкаў архіўнай працы і ўдасканаленне архіўнага абсталявання – гэта тыя асноўныя тэмы, якія былі вынесены на разгляд слухачоў. Узнятыя пытанні былі актуальнымі і для архіваў Рэспублікі Беларусь і накіраваны на фарміраванне практычных навыкаў і абмен ведамі паміж архівістамі.

Перад слухачамі выступілі з лекцыямі дырэктар Архіва Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, прафесар Барыс Алікенавіч Джапараў («Практыка, інавацыі і перспектывы развіцця Архіва Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан ў ХХІ ст.»), к.г.н., дырэктар Гуманітарнага архіва РДГУ, прафесар Філіп Георгіевіч Тараторкін («Архівы і палітыка ў Расіі ХХ стагоддзя», «Універсітэцкі архіў: ідэя, задачы і практыка», «Архіўная справа ў навуковай біяграфіі рускіх і савецкіх гісторыкаў ХХ стагоддзя»), д.г.н., прафесар Міхаіл Васільевіч Ларын («Кіраванне электроннымі дакументамі ў справаводстве і архівах (сусветны вопыт).

У практычнай частцы ўдзельнікам мерапрыемства былі прапанаваны лекцыі-прэзентацыі новых тэхналогій па арганізацыі архіўнага захоўвання арыгіналаў дакументаў і іх рэзервовых копій, забеспячэнні сучасных архіваў на прыкладзе вядучых архіваў Еўропы. Вялікую цікавасць выклікала прэзентацыя работы анлайнавай чытальнай залы Архіва Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан з яго магчымасцямі аддаленай працы.

Слухачы наведалі з экскурсіямі Архіў Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, музей, бібліятэку і працэсінгавы цэнтр Казахскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя аль-Фарабі, Цэнтральны дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі Рэспублікі Казахстан, Цэнтральны дзяржаўны архіў г. Алматы.

Па выніках працы Летняй школы архівістаў краін СНД слухачам былі ўручаны сертыфікаты.