19 мая 2017 года ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці адбылося мерапрыемства, прысвечанае выхаду на заслужаны адпачынак найстарэйшага работніка архіва Святланы Ісакаўны Краўчанка

19 мая 2017 года ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці» адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае выхаду на заслужаны адпачынак найстарэйшага работніка архіва Святланы Ісакаўны Краўчанка. Працоўная дзейнасць Святланы Ісакаўны звязана з архівам без малога 40 гадоў. Яна прыйшла ў архіў адразу пасля школьнай лавы. Пачынала сваю працоўную біяграфію архіварыусам аддзела агульных фондаў, працавала малодшым навуковым супрацоўнікам, больш за 16 гадоў кіравала аддзелам ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў.

Святлану Ісакаўну адрознівае высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў і бездакорна адказнае стаўленне да справы. Дзяржаўным камітэтам па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь у 1999 годзе С. І. Краўчанка была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя «архівіст». Яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод работнікаў справаводчых службаў і архіўных арганізацый зоны камплектавання Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, а таксама ў сваіх калег.

За добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у справу камплектавання Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь Краўчанка С.І. была ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2003), нагрудным знакам Дэпартамента па архівах і справаводству «Ганаровы архівіст Беларусі» (2009).

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў ўдзел начальнік аддзела па архівах і справаводству Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама А. Ю. Забалотны.

Калектыў цёпла і ўрачыста праводзіў С. І. Краўчанка на заслужаны адпачынак, у яе адрас было сказана шмат цёплых слоў і пажаданняў моцнага здароўя, аптымізму і дабрабыту.

Святлана Ісакаўна Краўчанка

Ганаровае мерапрыемства, прысвечанае выхаду на заслужаны адпачынак старэйшага работніка архіва Святланы Ісакаўны Краўчанка