26 студзеня 2017 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

26 студзеня 2017 г. адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, на якім былі падведзены вынікі працы органаў архіўнай справы і справаводства, дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе і вызначаны задачы на 2017 год.

У працы калегіі прынялі ўдзел намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь І. Г. Тушынскі, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў па архівах і справаводству галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў, дырэктары дзяржаўных архіўных устаноў, работнікі Дэпартамента па архівах і справаводству, усяго 65 чалавек.

З дакладам выступіла першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству А. В. Бірукова. У спрэчках прынялі ўдзел прадстаўнікі рэгіёнаў, дырэктары дзяржаўных архіўных устаноў.

У 2016 годзе дзяржаўныя архіўныя ўстановы ўдзельнічалі ў рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы «Архівы Беларусі» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016-2020 гг. Вялікая ўвага надавалася ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных архіўных устаноў, укараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій, павышэнню ўзроўню працы па аказанні паслуг арганізацыям і насельніцтву, вырашэння праблем сацыяльнай абароненасці грамадзян.

Па стане на 01.01.2017 ў дзяржархівах налічваецца: 12 755 135 адзінак захоўвання на паперы ў складзе 48 376 фондаў; 41 876 адз. зах. кінадакументаў; 259 810 адз. зах. фотадакументаў; 19 895 адз. зах. фонадакументаў; 5 255 адз. зах. відэадакументаў; 666 адз. навучальных электронных дакументаў у складзе 13 фондаў; 764 музейных прадметаў. У 2016 г. улічана 75 новых фондаў.

База дадзеных рэспубліканскага дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурса – Дзяржаўнага фондавага каталога Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь уключае дадзеныя аб 60 672 фондах, якія захоўваюцца, перададзеныя, аб’яднаныя або згубленыя.

Найважнейшай сферай дзейнасці з’яўлялася праца па інфармацыйным забеспячэнні карыстальнікаў і выкананні запытаў сацыяльна-прававога характару. У 2016 годзе дзяржархівамі выканана 376 генеалагічных, 2 874 тэматычных і 18 548 біяграфічных запытаў, а таксама 26 135 запытаў сацыяльна-прававога характару. Каля 10 тыс. чалавек прынята ў ходзе асабістага прыёму. У Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь унесена 107 афіцыйных геральдычных сімвалаў.

У 2016 годзе дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі выпушчана 15 выданняў, у т. л. 8 зборнікаў дакументаў, 5 даведнікаў і 2 перыядычныя выданні, падрыхтавана 78 выстаў дакументаў.