У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці арганізавана выстава дакументаў, прысвечаная гісторыі свята Дня горада
У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці напярэдадні святкавання тысячагадовага юбілею горада Брэста арганізавана выстава дакументаў, прысвечаная гісторыі свята Дня горада.
На выставе прадстаўлены планы і праграмы па правядзенні Дня горада ў розныя гады і фотарэпартажы з газеты «Заря», якія апавядаюць аб тым, як праходзілі святочныя мерапрыемствы.
На выставе экспануюцца каля 20 дакументаў і артыкулаў з газеты, у прыватнасці, пра святкаванне 950-годдзя Брэста ў маі 1969 г., 970-годдзя – у верасні 1989 г., 975-годдзя – у ліпені 1994 г., чарговых гадавін горада, у тым ліку юбілейных, у канцы 1990-х, у 2000-х, у 2015 гг., а таксама тэкст гімна горада, абранага ў 2007 годзе на конкурснай аснове.
Пачынаючы з 1989 года, Дзень горада сталі адзначаць штогод, а з 1994 года святкаванне Дня горада прымеркавалі да дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (28 ліпеня).
Сярод мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў Дзень горада, былі канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні, народныя гулянні, кірмашы, паказы мод, танцавальныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, карнавалы, розныя конкурсы, выставы, фестывалі і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы, урачыстыя адкрыцця знакавых аб’ектаў, помнікаў, памятных знакаў і т. п.
У канцэртах, акрамя выканаўцаў і творчых калектываў Брэста, прымалі ўдзел і зоркі савецкай і расійскай эстрады: Міхаіл Баярскі (1989 г.), Леў Лешчанка (2009 г.), Таісія Павалій (2015 г.) і інш. У 1994 годзе ў ходзе святкавання 975-годдзя горада і 50-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыўся маштабны канцэрт, арганізаваны тэлекампаніяй «Астанкіна», у якім прынялі ўдзел А. Пахмутава, ансамбль «Песняры», Л. Гурчанка, Э. Пьеха, Н.Бабкіна, В. Талкунова, група «На-На» і іншыя вядомыя артысты.
Выстава экспануецца ў фае будынка архіва па вул. В. Харужай, 15.
