20 жніўня 2018 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прафесійная сустрэча беларускіх архівістаў з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі ХАОБО Сек’юрыці
20 жніўня 2018 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прафесійная сустрэча беларускіх архівістаў з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі ХАОБО Сек’юрыці. З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі першы намеснік Дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В. У. Бірукова, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А. К. Дземянюк, кансультант аддзела справаводства і фарміравання НАФ Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Г. В. Століна, нам. дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Я. В. Кушнова, нам. дырэктара БелНДЦЭД Л. Н.Сігневіч. З боку кітайскай дэлегацыі – старшыня праўлення кампаніі Цзян Бо і начальнік дэпартамента па знешніх сувязях кампаніі Фан Дацын.
Кампанія па тэхналогіі бяспекі ХАОБО з’яўляецца шырока вядомым аператарам і пастаўшчыком паслуг электроннай лічбавай апрацоўкі і захоўвання архіваў, аказвае вялікі спектр паслуг не толькі прыватным, але і дзяржаўным арганізацыям, у тым ліку дзяржаўным архівах Кітая. Асноўнай мэтай візіту ў Рэспубліку Беларусь стала вывучэнне вопыту працы беларускіх архівістаў па стварэнні электронных архіваў, па перакладу дакументаў з папяровых носьбітаў у лічбавы фармат, а таксама вывучэнне перспектыў адкрыцця ў нашай краіне цэнтра па алічбоўцы дакументаў.
Прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі былі зацікаўленыя пытаннямі забеспячэння захаванасці дакументаў у архівах Беларусі. Сп. Цзян Бо і Фан Дацын наведалі адно з архівасховішчаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі падзяліліся вопытам работы па забеспячэнні захаванасці дакументаў, аб парадку выдачы дакументаў з архівасховішчаў, аб аб’ёмах сканавання дакументаў і захоўвання ў лічбавым фармаце.
Бакі абмеркавалі перспектывы магчымага супрацоўніцтва па алічбоўцы архіўных дакументаў.



