«Памяць мацней часу»: супрацоўнікі архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным вызваленню Гомеля
23 лістапада ў бібліятэцы-філіяле №11 адбылася гадзіна гісторыі «Вызваленне горада Гомеля: як гэта было», прымеркаваная да 83-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства прайшло ў рамках клуба для людзей сталага ўзросту «Цёплы дом» і сабрала разам прадстаўнікоў старэйшага пакалення і навучэнцаў УА «Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж».
Ганаровымі гасцямі сустрэчы сталі Манцуроўская Вікторыя Уладзіміраўна, архівіст I катэгорыі дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці і Канцавы Рычард Віктаравіч, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Гомельскага абласнога музея ваеннай славы.
Спецыялісты расказалі пра тое, як праходзіла Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя, якія дакументы і сведчанні захаваліся да нашых дзён, і як горад вяртаўся да мірнага жыцця пасля акупацыі. Удзельнікі даведаліся пра подзвігі салдат і пра трагічныя старонкі гісторыі мірнага насельніцтва.
Асаблівасцю мерапрыемства стаў прагляд дакументальнага фільма «Вызваленне», падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў у рамках рэспубліканскага праекта «Адкрыты кінаархіў». Кадры кінахронікі дазволілі прысутным акунуцца ў атмасферу тых дзён і ўбачыць Гомель вачыма відавочцаў.
Бібліятэчныя работнікі правялі агляд кніжна-архіўна-дакументальнай выставы «Вехі памяці», дзе былі прадстаўлены архіўныя дакументы, кнігі і матэрыялы пра ваенныя гады на Гомельшчыне.
Мерапрыемства стала сапраўднай пляцоўкай для жывых зносін. Навучэнцы каледжа змаглі не толькі даведацца гістарычныя факты, але і задаць пытанні спецыялістам, а таксама пачуць успаміны прадстаўнікоў старэйшага пакалення – удзельнікаў клуба «Цёплы дом».
Асабліва кранальным стаў момант «Адкрытага мікрафона», калі ўдзельнікі клуба дзяліліся ўспамінамі сваіх сем’яў, чыталі вершы пра вайну і казалі словы падзякі тым, хто падарыў нам мірнае неба.
У завяршэнне сустрэчы ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых абаронцаў горада хвілінай маўчання. Затым удзельнікі выканалі песню гамяльчаніна, прысвечаную вызваленню горада Гомеля, якая стала сімвалам таго, што пакуль жывая памяць у нашых сэрцах – жывы наш народ.
Мерапрыемства паказала, што гісторыя-гэта не проста даты з падручніка. Гэта жывая памяць, якая перадаецца ад старэйшых да малодшых, і ад таго, наколькі беражліва мы да яе ставімся, залежыць наша будучыня.
На фота: Падчас мерапрыемства «Вызваленне горада Гомеля: як гэта было» ў бібліятэцы-філіяле №11
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |





